BE RU EN

«Са спажыўцом варта гаварыць на яго роднай мове»

  • 19.01.2017, 13:16

Навошта магілёўскім прадпрыемствам беларускамоўная рэклама.

Услед за беларускамоўнай сацыяльнай рэкламай на білбордах паволі становіцца болей рэкламы дзяржаўных прадпрыемстваў, якія не цураюцца ўжываць беларускую мову. Для адных мова — сродак аздараўлення іміджу, паратунак у крызіснай сітуацыі, для другіх — рэсурс дзеля вылучэння ў моры рускамоўнай рэкламы, пішуць naviny.by.

У Магілёве першымі пачалі ўжываць беларускую мову ў прасоўванні сваіх брэндаў і тавараў прыватныя арганізацыі. Замежны бізнес таксама ўгледзеў для сябе карысць ад выкарыстання ў рэкламе роднай мовы беларусаў. Цяпер эстафету пераймаюць дзяржаўныя прадпрыемствы.

Беларуская мова як паратунак

Адно з найстарэйшых прадпрыемстваў гораду швейная фірма «Вяснянка» беларускую мову разглядае як сродак абнаўлення іміджу. Фабрыка не адзін год адольвае эканамічныя праблемы і яе вобраз у Магілёве далёкі ад пазітыўнага. Гэтага не ўтойвае выканаўчы дырэктар прадпрыемства Юры Сербін.

«Калі паглыбіцца ў сітуацыю на фабрыкі, то мы знаходзімся ў працэсе эканамічнай няздатнасці і кіруем шляхам санацыі, — тлумачыць суразмоўца. — Прадпрыемства з дзевяностагадовай гісторыяй ледзьве не збанкрутавала. Таму звонку склалася негатыўная аўра пра яго. Патэнцыйныя нашы працаўнікі, якія б маглі прыйсці да нас, ужо даўно не разглядаюць фабрыку, як аб’ект для заробку».

З ініцыятывы антыкрызіснага кіраўніка фірмы распрацоўваюцца падыходы, каб стаўленне партнёраў і спажыўцоў прадукцыі прадпрыемства мянялася ў лепшы бок. Беларуская мова разглядаецца кіраўніцтвам фабрыкі паратункам. На будынку фабрыкі ўжо вывешаны беларускамоўны плакат з новым рэкламным слоганам прадпрыемства: «Ізноў Вяснянка, разам з працай да новага жыцця!».

Швачкам беларуская мова блізкая і знаёмая

«Негатыўныя тэндэнцыі вымагаюць дзеянняў, якія б паказалі, што «Вяснянка» жывая. А паколькі назва прадпрыемства беларуская, блізкая да нацыянальнага фальклору, у ёй адчуваецца подых вясны ды самі мы ж беларусы, дык лагічна было, што мы прыйшлі да беларускай мовы», — канстатуе Юры Сербін.

«Галоўнае цяпер — удыхнуць у фабрыку свежага паветра, — дадае ён. —Касцяк жа калектыву, швачкі, нягледзячы на цяжкасці, не разбегся. Яны гатовыя працаваць і шыць модную прадукцыю, каб урэшце змяніліся ў лепшы бок суадносіны ўласна нашай прадукцыі да прадукцыі, якую вырабляем на давальніцкай сыравіне. А швачкі, гэта ж простыя людзі, многія з іх з вёсак, з райцэнтраў, і беларуская мова для іх блізкая, зразумелая, родная. Як, дарэчы, для нас усіх».

«Вяснянка» — вядомы беларускі брэнд, шые адзежу для ўсёй сям’і, сукні, строі для жанчын, а таксама вопратку дзелавога стылю для школьнікаў.

Са спажыўцом варта гаварыць на яго роднай мове

Беларусізуе рэкламу прадукцыі і Магілёўскі мясакамбінат. Рускамоўная гандлёвая марка прадпрыемства «Богатырская еда» замененая на беларускамоўную «Гурмістр». Рэклама прадукцыі з новым лагатыпам і слоганам «Усё будзе смачна» ужо зʼявілася на білбордах, а рэкламны ролік — у эфіры гарадскога радыё.

У аддзеле маркетынгу прадпрыемства сказалі, што рашэнне пра перавод рэкламы на беларускую мову было калектыўным. «Са спажыўцом варта гаварыць на яго роднай мове», — адзначылі суразмоўцы.

«Сваёй беларускасцю мы вылучаемся сярод нашых канкурэнтаў і разлічваем, што пакупнік не праміне вырабленага намі прадукту. Беларус-спажывец, пабачыўшы рэкламу на беларускай мове, успомніць, што яна для яго родная, і аддасць перавагу нашай прадукцыі. У нашым разуменні беларускамоўная рэклама — знак спажыўцу, што мы вырабляем прадукцыю якасную і карысную», — тлумачаць маркетолагі мясакамбінату.

Дбанне пра родную мову — цывілізаваны падыход

На прадпрыемстве запэўніваюць, што зʼяўленне беларускай мовы ў апісанні прадукту ў дадатак да рускай не прывядзе да падаражэння прадукту. Там заўважаюць, што замежныя партнёры выстаўляюць патрабаванні, каб на этыкетцы была іхная мова, і пярэчыць гэтаму ніхто не збіраецца.

«Калі мы пастаўляем, напрыклад, прадукцыю ў Расію, то абавязаныя пісаць на рускай мове. Неўзабаве мы адновім пастаўкі каўбасы ў Казахстан, і патрабаванне тамтэйшых нашых партнёраў, каб на этыкетцы была казахская мова. Гэта нармальны, цывілізаваны падыход, бо кожны народ дбае пра сваю мову», — даводзяць маркетолагі мясакамбінату.

Асноўны рынак збыту прадукцыі мясакамбінату за мяжой — расійскі. Для яго лагатып і слоган будуць рускамоўнымі.

Апошнія навіны