BE RU EN

У 2016-м улады Польшчы вылучылі 4 мільярды еўраў на падтрымку дзяцей

  • 18.01.2017, 12:03

Сёлета на праграму «Сям'я 500+» у бюджэце запланавана больш за пяць мільярдаў.

Урадавая праграма «Сям'я 500+» да канца мінулага года ахапіла 3,8 млн польскіх дзяцей, а сем'і атрымалі больш за 17 млрд злотых (3 млрд 900 млн еўраў). Пра гэта 17 студзеня заявіла міністр у справах сям'і, працы і сацыяльнай палітыкі Польшчы Альжбэта Рафальскі (Elżbieta Rafalska), паведамляе «Польскае Радыё».

З яе слоў, ва ўсёй Польшчы праграма ахапіла 55% непаўналетніх. Амаль 46% дзяцей, якія атрымалі фінансавую падтрымку, жывуць у вёсках.

Праграма «Сям'я 500+» была ўведзеная летась польскім урадам кансерватыўнай партыі «Права і справядлівасць». Праграма прадугледжвае штомесячную выплату 500 злотых (блізу 115 еўраў) на кожнае другое і наступнае дзіця незалежна ад даходаў сям'і. У выпадку, калі сям'я або юрыдычныя апекуны выхоўваюць адно дзіця з інваліднасцю, то яны таксама могуць разлічваць на дапамогу.

У 2017 годзе на праграму «Сям'я 500+» у бюджэце запланавана 22 млрд злотых (больш за 5 млрд еўраў). Частка эканамістаў крытыкуе згаданую праграму, адзначаючы, што дзяржава не мае фінансавых сродкаў на тое, каб раздаваць грошы ўсім сем'ям, а не толькі тым, якія маюць патрэбу ў падтрымцы. Спецыялісты таксама адзначаюць, што праграма фінансуецца за кошт бюджэтнага дэфіцыту.

Апошнія навіны