BE RU EN

Барацьба супраць дэкрэта аб «дармаедах» набірае абароты

  • 17.01.2017, 17:24

Незалежныя прафзвязы і праваабаронцы патрабуюць скасавання скандальнага дэкрэта.

У сувязі з гэтым плануецца правядзенне агульнанацыянальнай акцыі за скасаванне дэкрэта Лукашэнкі №3. Сёння адны з арганізатараў акцыі правялі першую прэс-канферэнцыю.

Аб пастановах, агучаных падчас прэс-канферэнцыі, у інтэрв'ю сайту Charter97.org распавёў лідар Беларускага прафзвязу радыёэлектроннай прамысловасці (РЭП) Генадзь Фядыніч і праваабаронца, былы следчы пракуратуры Менску Алег Воўчак.

Генадзь Фядыніч: Канферэнцыя была прысвечаная скасаванню так званага дэкрэта аб «дармаедах».

Да прафсаюзных юрыстаў паступае каласальная колькасць званкоў ад людзей, якія пытаюцца, што рабіць і як паступаць, атрымаўшы «ліст шчасця».

Сёння на прэс-канферэнцыі была прынятая пастанова звярнуцца да беларусаў, апісаць сітуацыю, прапанаваць ім сабраць подпісы ва ўсёй краіне цягам месяца з адным патрабаваннем – скасаванне дэкрэту Лукашэнкі №3.

Заўтра на сайце praca-by.info будзе апублікаваны спіс адрасоў, дзе людзі, якіх падатковая запісала ў «дармаеды», змогуць прыйсці, узяць падпісныя лісты і паўдзельнічаць у зборы подпісаў супраць дэкрэта.

Больш таго, каб падатковая не душыла «дармаедаў» можна будзе ўзяць узор заявы, якую трэба адправіць у падатковае міністэрства ў адказ на «ліст шчасця». Акрамя таго, збор подпісаў будзе арганізаваны таксама ў электронным варыянце на сайце zvarot.by.

Падчас збору подпісаў мы будзем праводзіць апытанне сярод беларусаў з пытаннем - ці гатовыя яны да акцыі пратэсту ў выпадку, калі ўлада чарговым разам праігнаруе меркаванне людзей. Але скажу адразу - давядзецца прыступаць да рашучых дзеянняў.

Рэалізаваць гэтыя пастановы мы пачнём з заўтрашняга дня.

Алег Воўчак: Па-першае, на гэтай прэс-канферэнцыі мы за два месяцы падвялі вынікі дзейнасці разам з прафзвязам РЭП, з якім супольна збіраем інфармацыю і дапамагаем абараняцца людзям. Лістоў ад беларусаў у незалежныя арганізацыі паступае шмат, людзі просяць канкрэтных дзеянняў і алгарытм абароны.

Сёння ў пачатку прэс-канферэнцыі мы распавялі, якія сацыяльныя групы трапілі пад гэты дэкрэт. На жаль, атрымалася, што пад дэкрэты падпалі малаабароненыя пласты насельніцтва: маці, хатнія гаспадыні і самае цікавае, што не толькі тыя, якія выхоўваюць дзяцей, старэйшых за 7 гадоў, але трапілі памылкова маці з дзецьмі да 7 гадоў. Вельмі шмат памылак было зроблена падаткавікамі.

Другая група — гэта людзі, якія не змаглі атрымаць інваліднасць, але не могуць працаваць.

Трэцяя група – гэта маладыя спецыялісты, якія скончылі навучальныя ўстановы ў 2015 годзе і не паспелі ўладкавацца на працу. У выніку, яны апынуліся ў складанай жыццёвай сітуацыі.

15% зваротаў – гэта людзі, якія пражываюць у вёсках і вядуць падсобную гаспадарку, дэкрэтам яны як бы вызваляюцца, але чыноўнікі ўвялі правіла, што вясковец павінен дадаткова браць участак і апрацоўваць яго. Людзі гэтым, вядома, абураныя.

Таксама ў «дармаеды» трапілі вайскоўцы, якія дэмабілізаваліся ў 2015 годзе і ў іх не было магчымасці ўладкавацца на працу.

Вельмі цікавая група грамадзян – гэта расейцы, украінцы, азербайджанцы, ліванцы і іншыя замежнікі з відам на жыхарства ў Беларусі. Ім трэба таксама выплаціць збор.

Самая вялікая група – гэта беспрацоўныя, тыя людзі, якія хочуць працаваць, выкарыстоўваць свой досвед, веды, навыкі, але няма магчымасці. Асабліва складана ўладкавацца ў Гомельскай, Віцебскай, Магілёўскай абласцях.

Трапілі пад падатак людзі, якія хочуць працаваць, але не могуць у сувязі, напрыклад, з хваробай або даглядаюць за састарэлымі бацькамі, хворымі сваякамі.

Разам з тым мы звярнулі ўвагу, што ўлады дапусцілі вялікую памылку. Яны хацелі менавіта з «дармаедаў» грошы ўзяць, але сам дэкрэт называецца «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства».

Згодна з заканадаўствам «сацыяльныя ўтрыманцы» – гэта тыя людзі, якім дзяржава павінна плаціць, дапамагаць. Сёння адсутнасць юрыдычнага тэрміна з'яўляецца адной з падстаў таго, што дэкрэт трэба скасаваць.

Мы прапануем людзям, натуральна, абскардзіць дэкрэт, пісаць заявы па нашаму ўзору, таксама можна падпісаць электронную петыцыю або прыйсці ў прафзвяз РЭП і падпісацца.

Таксама мы папярэджваем улады, што людзі не хочуць плаціць і ў сувязі з гэтым могуць быць розныя хваляванні на месцах.

Дэкрэт змушае «дармаедаў» шукаць сродкі, у адваротным выпадку людзям пагражае арышт, але я не ведаю, якім спосабам могуць беспрацоўныя знайсці грошы.

Не раз канстатавалася, што дэкрэт парушае і Канстытуцыю, і міжнародны пакт, але ёсць шмат людзей, якія бароняць свае правы.

Магу прывесці прыклад: мне напісаў глуханямы чалавек, якому не далі інваліднасць і патрабуюць выплаціць падатак. Хоць у рэгіёнах працы для чалавека з такімі асаблівасцямі наогул няма. Гэта не першы выпадак, іх досыць, і што, такіх людзей караць арыштам?

Праз месяц мы наважылі падвесці вынікі збору подпісаў, 20 лютага – апошні тэрмін, калі людзі павінны альбо заплаціць прымусовую даніну, альбо даць тлумачэнні. Пасля 20 лютага – пачнуцца масавыя адміністрацыйныя працэсы, але ўжо з настрояў бачу, што людзі настроеныя змагацца, бараніць свае правы.

Самае цікавае, што гэты збор не ўнесены ў падатковы кодэкс, а гэта азначае, што яго наогул не могуць збіраць. Мы ўжо атрымліваем адказы з падатковых службаў на нашы звароты і хочацца падкрэсліць, што ў іх няма выразных тлумачэнняў. Мы перад імі ставілі пытанні: дзе беспрацоўнаму ўзяць грошы, яны не адказваюць, як вызначылі статус аплатніка падатку, кажуць, што гэта таямніца.

Хачу адзначыць, што «лісты шчасця» рассылаюцца спамам, не адбіраюцца і ёсць ужо першыя ануляваныя, але гэта каштавала людзям нэрваў.

Апошнія навіны