BE RU EN

Лаўроў: Адсутнасць мяжы з Беларуссю стварае магчымасці для злоўжыванняў

  • 17.01.2017, 14:16

У РФ занепакоеныя дамовай Беларусі з ЕЗ пра лагеры для нелегальных мігрантаў.

Беларусь і Расея пачынаюць «дыялог» аб адзінай палітыцы ў галіне экстрадыцыі.

Пра гэта паведаміў міністр замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў 17 студзеня ў Маскве на прэс-канферэнцыі для замежных і расейскіх журналістаў, паведамляе БелТА.

«У нас з Беларуссю «саюзная дзяржава», у рамках якой прынятая прынцыповая пастанова выраўноўваць правы грамадзян і адной, і другой краіны ва ўсіх без выключэння абласцях», — нагадаў кіраўнік замежнапалітычнага міністэрства Расеі.

Са слоў Лаўрова, адной з такіх сфер прыкладання намаганняў з'яўляецца ўзгадненне параметраў адзінай візавай, адзінай міграцыйнай прасторы.

«Гэта патрабуе сярод іншага вызначэння адзінага спісу асоб, непажаданых і пажаданых, але гэта таксама патрабуе адзінай палітыкі ў галіне экстрадыцыі. Цяпер гэта тым больш актуальна, бо ёсць яшчэ тэма аб дамоўленасці паміж Беларуссю і Еўразвязам аб стварэнні лагераў для нелегальных мігрантаў на тэрыторыі Беларусі. І ўважаючы, што ў нас з Беларуссю няма аформленай наземнай мяжы і гэта стварае, вядома ж, пытанні і магчымасці для злоўжыванняў, мы пачынаем з нашымі беларускімі калегамі дыялог на гэтую тэму», — распавёў Сяргей Лаўроў.

Дыпламат адзначыў, што беларуска-расейскія перамовы аб адзінай міграцыйнай палітыцы вядуцца ўжо даўно, цяпер, на ягоную думку, настаў час іх паскорыць і дасягнуць канкрэтных вынікаў.

Як стала вядома напярэдадні, у пасажыраў авіярэйсаў Менск-Масква ў расейскіх аэрапортах пачалі правяраць пашпарты. У Памежнай службе ФСБ Расеі патлумачылі, што праверка дакументаў, у тым ліку звязаная з указам аб скасаванні беларускіх віз. Але асноўная прычына ў тым, каб грамадзяне трэціх краін не перасякалі мяжу такім чынам.

Яшчэ раней замежных грамадзян нават пры наяўнасці расейскай візы сталі пускаць у РФ з Беларусі толькі праз міжнародныя пункты пропуску. Сваю пастанову Расея патлумачыла тым, што «сітуацыя ў свеце кардынальна змянілася» і «значна ўзраслі рызыкі, звязаныя з тэрарыстычнымі, міграцыйнымі пытаннямі».

Беларускае МЗС палічыла гэты захад празмерным. Як заўважыў прэс-сакратар міністэрства Дзмітрый Мірончык, расейскі бок цяпер убачыў праблему там, дзе «не бачыў яе два дзясяткі гадоў», а менавіта — у адсутнасці міжнародных пунктаў пропуску на мяжы Беларусі ды Расеі.

Сяргей Лаўроў адзначыў, што праблема развяжацца праз стварэнне адзінай візавай прасторы Беларусі ды Расеі.

Апошнія навіны