BE RU EN

У Кітаі чыноўнік параўнаў Мао Цзэдуна з д'яблам

  • 17.01.2017, 9:36

Чыноўнік з кітайскай правінцыі Хэбэй быў звольнены са сваёй пасады за такую метафару ў адрас «кіраўніка».

Намеснік кіраўніка Дзяржаўнага ўпраўлення ў справах друку, выдавецтваў, кінематаграфіі, радыёвяшчання і тэлевізіі Кітая (SAPPRFT) у горадзе Шыцзячжуан Цзо Чуньхэ напісаў на сваёй старонцы, што Мао Цзэдун з'яўляецца «д'яблам», а таксама назваў штогадовыя мерапрыемствы ў гонар дня нараджэння правадыра, які адзначаецца ў краіне 26 снежня, «найбуйнейшым у свеце пакланеннем культу», паведамляе lenta.ru.

Пасля гэтага Цзо Чуньхэ быў звольнены, таксама яму вынеслі адміністрацыйнае папярэджанне.

Global Times піша, што чыноўніка абвінавацілі ў «публікацыі няверных выказванняў у Weibo, а таксама ў сур'ёзным парушэнні партыйнай дысцыпліны». Цяпер яго рахунак у Weibo выдалены.

У 2015 годзе ў Кітаі адбыўся яшчэ адзін скандал, у якім фігуравала імя Мао Цзэдуна. Тады ў інтэрнэце з'явілася 75-секунднае відэа з прыватнай вячэры, падчас якой 56-гадовы вядоўцы тэлеканала CCTV Бі Фуцзянь, выконваючы рэвалюцыйную песню ў стылі пекінскай оперы, ужыў «недазволенае» слова ў дачыненні да бацькі-заснавальніка Кітая.

Пасля таго, як CCTV стала вядома пра выказванне свайго супрацоўніка, Фуцзянь быў адхілены ад эфіру. Пазней SAPPRFT запатрабавала ад кіраўніцтва тэлеканала «строга» пакараць знакамітага вядоўцу, кітайскія інтэрнэт-карыстальнікі і СМІ таксама раскрытыкавалі ягоны ўчынак. У выніку Бі Фуцзянь прынёс свае прабачэнні.

Мао Цзэдун займаў пасаду старшыні Кітая з 1954 да 1959 гады.

Апошнія навіны