BE RU EN

Лукашэнка ездзіць па курортах за народны кошт

  • 16.01.2017, 14:52

Дыктатар наведвае слабаразвітыя аўтарытарныя краіны, дзе яшчэ не ведаюць пра «якасць» ягоных тавараў.

У нядзелю Лукашэнка сустрэўся з кіраўніцтвам Егіпта падчас свайго афіцыйнага візіту ў гэтую краіну. Наступным пунктам прызначэння для дыктатара стаў Судан.

Так беларускія ўлады шукаюць рынкі збыту, кажа палітолаг Валерый Карбалевіч.

— Яны мяркуюць, што ў «трэцім свеце» яшчэ ёсць краіны, дзе спатрэбяцца беларускія трактары і МАЗы, што там проста не ведаюць пра гэтую прадукцыю, і калі Лукашэнка паедзе і прэзентуе, тады яе пачнуць купляць, — адзначае палітолаг у інтэрв'ю «Заўтра тваёй краіны». — Гэта вера, што беларуская прадукцыя – якасная, але пра яе проста не ведаюць.

У гэтых візітах, як заўсёды, ёсць і элемент піяру, лічыць суразмоўца выдання: маўляў, беларускага дыктатара яшчэ хочуць бачыць у Афрыцы.

Што тычыцца асаблівасцяў палітычнага рэжыму ў той ці іншай краіне, напрыклад, у Судане, то тут беларускае кіраўніцтва не занадта пераборлівае, таму што і сам беларускі рэжым у значнай меры аўтарытарны і недэмакратычны. Тое, што ў свеце не вельмі добра ставяцца да суданскага рэжыму, наўрад ці можа стаць перашкодай для Лукашэнкі, заключае аналітык.

— Наадварот, тут ёсць свае перавагі: у свеце не прызнаюць, не любяць суданскі рэжым, а беларусы гатовыя прыехаць. Магчыма, будзе атрымана свая выгада ад таго, што ў Судане прысутнічае не так шмат эканамічных гульцоў, — мяркуе экспэрт.

Захад зняў санкцыі з афіцыйнага Менска, але кіраўніка Беларусі па-ранейшаму не відаць у Еўропе.

— Калі б запрашалі, Лукашэнку з задавальненнем паехаў бы, — упэўнены палітолаг. — З'ездзіў у Рым, заадно зазірнуў да Папы рымскага, да прэзідэнта і, мабыць, не занадта застаўся задаволены, таму што яго не прыняў прэм'ер-міністр Італіі, які фактычна з'яўляецца першай асобай дзяржавы. Гэта стала пэўным урокам.

«Што такое Судан? Бедная краіна»

— Увесь тавараабарот з гэтай краінай складаецца з беларускага экспарту, прычым у самы найлепшы год ён складаў блізу 80 мільёнаў даляраў, а цяпер блізу 40 мільёнаў. Але і тая, і іншая лічба – гэта не ўзровень кіраўніка краіны, — перакананы эканаміст Леў Марголін.

Нават калі пасля гэтага візіту і падпісання ўсіх дамоў тавараабарот павялічацца на 10-20 мільёнаў даляраў, ён бы павялічыўся і без удзелу Лукашэнкі, не сумняваецца экспэрт.

На ягоную думку, паездкі кіраўніка Беларусі па краінах так званай «далёкай дугі» ніколькі не абгрунтаваныя. Вынік быў бы, калі б «дальняя дуга» ахоплівала краіны, з якімі «можна было б мець дастаткова буйны тавараабарот — Індыю, Бразілію, Аргенціну, паўднёва-афрыканскую рэспубліку». Але яна «сканцэнтравана на краінах, якія раней называлі слабаразвітымі».

Часцей за ўсё ў выніку візітаў кіраўніка беларускай дзяржавы падпісваюцца ў найлепшым выпадку пратаколы аб намерах, у горшым – яны прадыктаваныя імкненнем проста прабіць пралом.

— Што такое Судан? Гэта бедная краіна, і нават калі б у нас было штосьці вельмі каштоўнае, каб прапанаваць, у яе ўсё роўна няма магчымасцяў гэта купіць. Разлічваць на рэзкі рост тавараабароту не даводзіцца, — рэзюмуе экспэрт.

Апошнія навіны