BE RU EN

Brutto едуць у тур па Беларусі

  • 16.01.2017, 14:30

З праграмай Double Hot музыкі выступяць у Берасці, Гародні, Бабруйску, Салігорску, Віцебску і іншых гарадах краіны.

Беларускія прыхільнікі Brutto заўсёды з нецярпеннем чакаюць навін ад гурту. У кожным горадзе Беларусі Сяргея Міхалка чакаюць з канцэртам, бо музыка не выступаў на радзіме цэлых 5 гадоў. Да радасці прыхільнікаў паведамляем: Brutto едуць у тур па Беларусі з праграмай Double Hot. Музыкі выступяць у Баранавічах, Берасці, Гародні, Бабруйску, Салігорску, Віцебску і іншых гарадах краіны. Завершыцца тур маштабным шоў у «Менск-Арэне» 8 сакавіка. Квіткі на канцэрты ў гарадах Беларусі з'явяцца ў продажы найбліжэйшым часам, піша tut.by.

У праграму Double Hot увайшлі найлепшыя трэкі Brutto з альбомаў «Родны край» і Underdog, а таксама залатыя хіты «Ляпісаў» за апошнія 10 гадоў. Гурт пракаціўся з Double Hot па гарадах Украіны, Амерыкі і Еўропы, і, вядома, гучна прэзентаваў праграму ў Гомелі. Ужо на радзіме да Brutto далучылася знакамітая духавая секцыя «Ляпісаў» і, безумоўна, гучанне гурту стала яшчэ гучнейшым, больш сакавітым і цікавым. Можна сцвярджаць з упэўненасцю — музыкі зладзяць магутнае двухгадзіннае шоў і прадэманструюць выдатную форму, а таксама новае гучанне сваіх бранябойных хітоў.

У верасні праекту Brutto споўнілася 2 гады. З першых дзён музыкі гучна і ўпэўнена заявілі пра сябе і не падманулі чаканняў фанатаў ва ўсім свеце. За гэтыя 2 гады Brutto выпусцілі 2 студыйныя альбомы — Underdog і «Родны край», знялі 17 кліпаў, прэзентавалі 2 lyric-відэа, праехалі 2 вялікія туры па Украіне ў падтрымку альбома Underdog і «Родны край», кожны з якіх прайшоў з аншлагам у 30 гарадах. За гэты час Brutto былі хэдлайнерамі ўсіх найбуйнейшых фестываляў Украіны (Z-Games, Фестываль ZАХІД, «Файне Місто», «Бандэрштат», «Схід-Рок», Respublica, Porto Franko Gogol Fest, Atlas Weekend і інш.) і ўдзельнікамі фестываляў у Літве, Польшчы, Латвіі, Малдове і Вялікабрытаніі.

10 лютага — Баранавічы.

11 лютага — Берасце.

12 лютага — Горадня.

15 лютага — Бабруйск.

16 лютага — Салігорск.

3 сакавіка — Віцебск.

8 сакавіка — Менск.

Кошт квіткоў: ад 32 да 55 рублёў, танцпол — 67 руб.

Кошт квіткоў у Менску: ад 30 да 60 рублёў, фан-зона — 60 рублёў, танцпол — 40 рублёў. Даведкі па тэлефонах: +375 29 763 11 11, +375 29 650 11 33.

Апошнія навіны