Ашуканцы ходзяць па дамах пад выглядам работнікаў «Энергазбыту»
- 12.01.2017, 11:59
З якой мэтай ілжэсупрацоўнікі кампаніі грукаюцца ў дзверы да беларусаў пакуль невядома.
Пад выглядам работнікаў «Энергазбыту» ў дамы жыхароў Полацка прыходзяць староннія асобы, якія не маюць дачынення да гэтай арганізацыі. Мэта іх наведвання не ўстаноўленая. Пра гэта палачан папярэджвае віцебскі філіял «Энергазбыту».
У філіяле звяртаюць увагу, што работнікі «Энергазбыту» праводзяць працу ў форменным адзенні, у іх маюцца службовыя пасведчанні ў форме бэйджа, размешчанага на вопратцы і лёгкадаступнага для агляду.
У выпадках адсутнасці службовых пасведчанняў у людзей, што прадстаўляюцца кантралёрамі Полацкага аддзялення філіяла «Энергазбыт» РУП «Віцебскэнэрга», жыхароў Полацка просяць не пускаць іх у кватэры, а таксама паведамляць пра гэта энэргетыкам і ў міліцыю.