BE RU EN

«Савушкін» адмовіўся ад грошай актывістаў на беларусізацыю

  • 11.01.2017, 12:44

Кампанія пастанавіла не перакладаць упакоўкі на беларускую мову.

Кампанія, якая разважыла за неабавязковую прысутнасць беларускай мовы ў апісанні на ўпакоўках сваіх тавараў, некаторы час адмоўчвалася – і ніяк не рэагавала на хвалю крытыкі ў сацыяльных сетках, піша «Салідарнасць».

Аднак пасля таго, як неабыякавыя беларусы пачалі збіраць грошы, каб дапамагчы вытворцу наняць «ліцэнзаванага перакладчыка», піяршчыкі малочнага гіганта былі вымушаныя даць адказ. Пазіцыю прадпрыемства ў каментары marketing.by патлумачыла намесніца гендырэктара ў сувязях з грамадскасцю Алена Бабкіна:

- Размова пра беларускую мову на ўпакоўцы ўзнікла для нашага прадпрыемства ўпершыню. Улічваючы тое, што кампанія працуе на шырокую грамадскасць, трэба разумець - асноўная маса беларусаў размаўляе, чытае і піша не на беларускай мове, а на расейскай мове. Не трэба далёка хадзіць: выйдзіце на двор і паслухайце, на якой мове размаўляюць людзі. Вось і адказ на ўсе пытанні. Таму і надпісы на ўпакоўцы - на расейскай мове: каб пакупнік мог прачытаць і правільна зразумець, што за прадукт ён купляе і што ўваходзіць у яго склад.

Каментуючы ініцыятыву аб зборы сродкаў, якую арганізавалі карыстальнікаў сацсетак, прадстаўніца кампаніі заявіла, што «ім гэтыя грошы не патрэбныя». Такім тлумачэннем «Савушкін прадукт» выклікаў дадатковую порцыю гнеўных каментароў.

- Нам гэтыя грошы не патрэбныя... Ды не вам гэтыя грошы, а нашай мове, краіне, каб потым не заяўлялі, што выйдзі на двор, паглядзі на вёску, па-расейску гавораць усе, таму чхалі мы на вас з вашым мовай, - напісаў у сябе ў «Фэйсбуку» адзін з арганізатараў збору сродак Аляксандр Лапка. - Зборам грошай беларусы паказалі, што яны гатовыя плаціць за беларускую мову на ўпакоўцы! Бізнэс павінен, як воўк кідацца на такія сігналы... Дык адкуль тады ўзяцца беларускай мове ў грамадстве, калі мэнэджмэнт малочнага гіганта публічна пагарджае ей? Трэба стымуляваць яе выкарыстанне. Не адракацца расейскай, але ствараць сапраўды роўныя ўмовы.

Апошнія навіны