BE RU EN

Віціс Юрконіс: Не трэба чакаць рамантычнага перыяду ў дачыненнях ЕЗ і Беларусі

  • 10.01.2017, 16:11

Не трэба перабольшваць значнасць указу Лукашэнкі аб пяцідзённым бязвізавым рэжыме.

Літоўскі палітолаг Віціс Юрконіс у інтэрв'ю «Свабодзе» назваў указ Лукашэнкі аб пяцідзённым бязвізавым рэжыме для грамадзян 80 краін «нечаканым» і «пазітыўным», але падкрэсліў, што значнасць гэтай пастановы перабольшваць не трэба.

«Гэты крок у Літве ўспрымаецца як пазітыўны, але гэта ўсё ж такі толькі адзін аспект ва ўсім ланцужку пытанняў, якія ёсць у стасунках з Беларуссю. Вядома, гэтая пастанова дазваляе грамадзянам ЕЗ і іншых краін кароткатэрмінова падарожнічаць па Беларусі, але ўсе разумеюць, што гэта даволі абмежаваны захад - напрыклад, на аўтамабілі або цягніку з Вільні ў Менск не паедзеш. Так што гэтая пастанова даволі абмежаваная, хоць і пазітыўная, асабліва на ўзроўні турызму і чалавечых стасункаў. Магчыма таксама, гэта палегчыць кантакты ў сферы бізнэсу і акадэмічнай сферы.

Але не трэба перабольшваць яе значнасць, не трэба чакаць, што гэтая пастанова прывядзе да вялікага павароту або зруху на міждзяржаўным узроўні. Застаюцца праблемныя пытанні: гэта АЭС, малы памежны рух (пастанова аб якім дагэтуль не прынятая - мяч застаецца на баку Беларусі), справа 13 студзеня (маецца на ўвазе крымінальная справа аб штурме тэлецэнтра у Вільні 13 студзеня 1991 года. - Заўвага.)...усё гэта застаецца на парадку дня», - падкрэслівае літоўскі экспэрт.

Указ Лукашэнкі істотна не паскорыць і падпісання пагаднення аб спрашчэнні візавага рэжыму паміж Беларуссю і ЕЗ, мяркуе Юрконіс.

«Я думаю, гэтая пастанова зробіць свой унёсак у перамовы. Аднак не трэба гэта ўспрымаць так: вось мы зрабілі крок і цяпер чакаем адказу. Павінны быць выкананыя пэўныя тэхнічныя моманты, патрабаванні і г.д. Гэта значыць, несур'ёзна бачыць гэты працэс як нейкі гандаль. Пастанова аб 5-дзённых бязвізавых падарожжах - гэта выгадна як для грамадзян ЕЗ, якія могуць убачыць Беларусь, так і для індустрыі турызму Беларусі (а да таго ж гэта нагода для піяру). Крок добры, але трэба пазбягаць эйфарыі, не трэба чакаць нейкага рамантычнага перыяду ў стасунках Еўразвязу і Беларусі», - падсумаваў палітолаг.

Апошнія навіны