BE RU EN

Улады пачалі паэтапнае падвышэнне пенсійнага ўзросту

  • 1.01.2017, 15:09

З 1 студзеня штогод на шэсць месяцаў будзе падвышацца пенсійны ўзрост да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў.

1 студзеня ў Беларусі пачынаецца паэтапнае павелічэнне пенсійнага ўзросту. Гэта прадугледжанае ўказам Лукашэнкі №137 «Аб удасканаленні пенсійнага забеспячэння», які быў падпісаны ў красавіку мінулага года.

З 1 студзеня штогод на шэсць месяцаў будзе падвышацца пенсійны ўзрост да дасягнення мужчынамі 63 гадоў, жанчынамі — 58 гадоў (раней пенсійны ўзрост для мужчын пачынаўся ў 60 гадоў, для жанчын — 55 гадоў), паведамляе БелПАН.

Аналагічнае павелічэнне — на тры года, цягам шасці гадоў — прадугледжанае для работнікаў, якія маюць права на льготныя працоўныя пенсіі ды пенсіі за выслугу гадоў, а таксама для вайскоўцаў.

Кіраўнікам усіх арганізацый незалежна ад формаў уласнасці рэкамендавана шырэй ужываць практыку ўдзелу наймальнікаў і работнікаў у праграмах добраахвотнага страхавання дадатковай пенсіі.

Паводле звестак статыстыкі, пенсіянеры складаюць 23,9% ад усяго насельніцтва і 40,3% ад працаздольнага насельніцтва Беларусі. Згодна з прагнозам дэмографаў Нацыянальнай акадэміі навук, да 2020 года доля пенсіянераў у агульнай колькасці насельніцтва вырасце да 26, 4%, да 2030 года — да 28, 7%, а да 2050-га пенсіянерамі будзе траціна насельніцтва краіны.

З улікам гэтага, мяркуюць экспэрты, улады будуць вымушаныя і ў далейшым ісці на такі непапулярны захад, як павелічэнне пенсійнага ўзросту. Паводле іх прагнозаў, у перспектыве пенсійны ўзрост у Беларусі будзе павялічаны да 65 гадоў.

Апошнія навіны