BE RU EN

Пад візіт Лукашэнкі ў кітайцаў выпрасілі паліклініку і дзіцячы садок

  • 29.09.2016, 19:19

Кітай прафінансуе будаўніцтва сацыяльных аб'ектаў на тэрыторыі індустрыяльнага парка «Вялікі камень».

Пра гэта паведаміў БелТА першы намеснік генеральнага дырэктара СЗАТ «Кампанія развіцця індустрыяльнага парку» Кірыл Карацееў, каментуючы падпісаны сёння ў Пекіне мемарандум паміж Мінэканомікі Беларусі і Міністэрствам камерцыі КНР.

«Мяркуецца, што на праекты парку будуць штогод выдавацца раты тэхніка-эканамічнай дапамогі, плюс да тых дамоўленасцяў, якія існавалі раней. Мемарандум - гэта сістэмны дакумент. У ім ёсць механізм рэалізацыі гэтай дапамогі. Плануецца, што ў першым квартале кожнага года будуць вызначацца кірункі і канкрэтныя праекты для фінансавання, што ўзгадняюцца старанамі. Вызначаныя прыярытэты - сацыяльная і жыллёвая інфраструктура», - адзначыў Кірыл Карацееў.

Паводле ягоных слоў, пакуль гаворка ідзе пра аб'екты, якія прадугледжана пабудаваць на першым этапе будаўніцтва парку, пра дзіцячы садок, паліклініку і некаторыя іншыя.

«Мяркуецца, што жыллё будзе будаваць супольная кампанія (СЗАТ «Кампанія развіцця індустрыяльнага парку». - заўвага.). Сацыяльная інфраструктура звычайна будуецца за бюджэтныя грошы, але тут Кітай гатовы нам дапамагчы. Таму мы зможам будаваць і жыллё, і сацыяльныя аб'екты, тым самым зрабіць парк камфортным для працаўнікоў», - растлумачыў Кірыл Карацееў.

Ён канстатаваў, што першую рату тэхніка-эканамічнай дапамогі плануецца атрымаць у 2017 годзе, аднак канкрэтная сума будзе вядомая пазней: «Кітайскія партнёры сказалі, што ў дакуменце сума не вызначаная, каб не ставіць рамкі».

Апошнія навіны