BE RU EN

Reuters: ЗША гатовыя наносіць авіяўдары па сілах дыктатара Асада

  • 29.09.2016, 16:45

У адміністрацыі Абамы абмяркоўваюць больш жорсткія сцэнары наконт Сірыі ў адказ на няздольнасць РФ дамаўляцца пра мір.

У ЗША разглядаюць сілавыя захады для развязання сірыйскага пытання. У тым ліку разглядаюцца ваенныя варыянты, бо рост напружанасці ў дачыненнях з Масквой памяншае надзеі на дыпламатычныя развязанні на Блізкім Усходзе, Украіне і ў кіберпрасторы, паведамілі Reuters крыніцы сярод чыноўнікаў ЗША (пераклад - УНІАН).

Новыя абмеркавання былі праведзеныя на «ўзроўні персаналу», і дагэтуль не далі ніякіх рэкамендацый прэзідэнту ЗША Бараку Абаму, які супрацьстаяў прапанове ваенных дзеянняў супраць сірыйскага прэзідэнта Башара аль-Асада ў грамадзянскай вайне ў краіне.

У той жа час такія дыскусіі супадаюць з нядаўнімі пагрозамі дзяржсакратара Джона Кэры спыніць дыпламатычныя стасункі з Расеяй праз Сірыю і ўскласці на Маскву адказнасць за падзенне запальных бомбаў у паўстанцкіх раёнах Алепа, найбуйнейшым горадзе Сірыі, адзначае выданне.

Адзін чыноўнік заявіў, што, перш чым якія-небудзь дзеянні могуць быць прынятыя, Вашынгтон спачатку «рэалізуе пагрозы Кэры і разарве перамовы з расейцамі» аб Сірыі.

Афіцыйныя асобы ў ЗША заявілі выданню, што правал дыпламатыі ў Сірыі не пакінуў адміністрацыі Абамы выбару, акрамя як разгледзець альтэрнатывы, большасць з якіх звязаныя з ужываннем сілы і былі разгледжаныя раней, але адкладзеныя.

Да магчымых захадаў рэагавання належаць, напрыклад, дазвол хаўруснікам у Персідскім заліве пачаць пастаўляць сірыйскім паўстанцам больш сучасную зброю. У той жа час варыянт нанясення авіяўдару амерыканскімі ВПС па авіябазе ўрадавых войскаў уважаецца за менш імаверны - праз небяспеку стратаў сярод расейскіх вайскоўцаў, завілі Reuters чыноўнікі на ўмовах ананімнасці.

Дзве крыніцы выдання адзначылі, што хуткасць, з якой сірыйцы прасунуліся ў Алепа, і правал дыпламатычных перамоў заспелі адміністрацыю Абамы знянацку. Падзенне Алепа адновіць праўленне Асада над самым важным горадам заходняй Сірыі і нанясе знішчальны ўдар па паўстанцах.

У выніку, адзін з чыноўнікаў сказаў, што спіс варыянтаў звужаецца да падтрымкі нападаў паўстанцаў у іншых раёнах, пастаўкі дадатковых узбраенняў або нават удару з паветра, які «не зможа пераламаць ход бітвы, але можа прымусіць расейцаў спыніцца і падумаць». Іншы чыноўнік сказаў, што ўсякія пастаўкі зброі не будуць уключаць у сябе ПЗРК праз боязь, што яны могуць трапіць у рукі баевікоў «Ісламскай дзяржавы» або Аль-Каіды.

Самы драматычны і найменш імаверны з разгляданых варыянтаў - авіяўдар ЗША па сірыйскай авіябазе недалёка ад месца баявых дзеянняў паміж войскамі Асада і сіламі паўстанцаў на поўначы краіны, паведамілі чыноўнікі. Іншыя ідэі, якія знаходзяцца на разглядзе, уключаюць адпраўку большых сіл спецыяльных аперацый для навучання і кансультавання курдскіх і сірыйскіх паўстанцкіх груп, а таксама разгортвання дадатковых амерыканскіх і кааліцыйных вайскова-марскіх і вайскова-паветраных сіл ва ўсходняй частцы Міжземнага мора.

Апошнія навіны