Літва і Беларусь будуць разам даследаваць спадчыну Радзівілаў
- 28.09.2016, 16:07
У першую чаргу ўдзельнікі праекта даследуюць радавое пахаванне ў Нясвіжы.
Дэпартамент культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры Літвы падчас двухбаковай сустрэчы з беларускімі калегамі прыняў пастанову падаць заяўку на далейшае фінансаванне даследавання пахавання сям'і Радзівілаў у Нясвіжскім касцёле.
Гэты праект ажыццяўляецца ў рамках праекта «Развівальнае супрацоўніцтва». Заяўку на фінансаванне з праграмы памежнага супрацоўніцтва ЕЗ пададуць абласны краязнаўчы музей Кедайняй і партнёры з Беларусі, піша ru.delfi.lt.
«Грабніца з пахаваннямі Радзівілаў у Нясвіжы з'яўляецца ўнікальным аб'ектам культурнай спадчыны ─ адным з найбуйнейшых маўзалеяў аднаго роду ва ўсёй Еўропе. Гэта важная спадчына часоў Вялікага Княства Літоўскага павінна быць сведчаннем жыцця і пахавання каталіцкага адгалінавання роду Радзівілаў. Неабходна абараніць склеп ад вільгаці, якая разбурае парэшткі і сам аб'ект. Для гэтага неабходна далейшае фінансаванне», ─ раскрывае сутнасць сустрэчы дырэктар дэпартамента культурнай спадчыны Міністэрства культуры Дыяна Варнайтэ.
Пасол Беларусі Аляксандр Кароль падзякаваў літоўскім спецыялістам за праведзеную ў даследаванні нясвіжскага пахавання працу. Ён таксама падкрэсліў важнасць далейшага практычнага супрацоўніцтва дзвюх дзяржаў для аднаўлення важнай для Літвы і Беларусі культурнай і гістарычнай спадчыны.
Як распавядае ў сваёй кнізе «Радзівілаўскі Нясвіж» Вольга Бажэнава, паходжанне Радзівілаў, найбуйнейшага магнацкага роду Вялікага Княства Літоўскага, губляецца ў глыбіні стагоддзяў.
Згодна з сямейным паданнем, заснавальнікам дынастыі быў сын вярхоўнага літоўскага паганскага жраца Ліздзейкі, які «радзіў» у XIV ст. вялікаму князю Гедыміну заснаваць горад Вільню.
Парада выявілася лёсавызначальнай. Узнікла новая сталіца Вялікага Княства Літоўскага. Усе наступныя пакаленні Радзівілаў былі годнымі нашчадкамі слаўнага продка і ўсё - ахоўнікамі дзяржаўных інтарэсаў.
Нясвіж перайшоў да іх як пасаг князёўны Ганны з роду Кішак, якая выйшла замуж за Яна Мікалая Радзівіла ў 1513 г. Роля фамільнай рэзідэнцыі ўзрастае ў 1586 г пасля надання ёй юрыдычнага статусу непадзельнага спадчыннага валодання (ардынацыі). Толькі старэйшы сын у сям'і меў права прыняць у спадчыну Нясвіжскае княства. Іншыя спосабы перадачы зямлі (падзел, продаж і г.д.) былі забароненыя.
Значны росквіт горада надыходзіць у XVI ст дзякуючы нясвіжскаму князю Мікалаю Хрыстафору Радзівілу Сіротку (1549-1616). Менавіта ён пабудаваў «каменны Нясвіж» з захаваным замкам, касцёламі, кляштарамі, ратушай і гарадскімі будынкамі.
Сучаснікі высока ацанілі вартасці князя і прыкладна ў такіх словах выказалі стаўленне да яго: «...быў гонарам у баі, святлом у парадзе; убачыў і спазнаў зямлю. Калі б мы двух такіх мелі мужоў, лёгка б абагналі Італію».
Цяпер гісторыкі мастацтва сыходзяцца на тым, што Сіротка «ў будаўнічай і мецэнацкай дзейнасці зацьміў усіх сваіх продкаў і амаль нічога не пакінуў дарабляць сваім нашчадкам».