БСДП (Грамада): Ніякіх кантактаў з прызначанымі «дэпутатамі»
- 28.09.2016, 13:42
«Выбары» ў «палатку» былі адной суцэльнай фальсіфікацыяй.
Пра гэта гаворыцца ў заяве прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), паведамляе БелаПАН.
У дакуменце адзначаецца, што «пераважная большасць» сяброў партыі, якія былі вылучаныя ў склад участковых выбарчых камісій, не былі ў іх уключаныя, а тыя, хто ўвайшоў у іх склад, «не былі дапушчаныя да атрымання поўнай інфармацыі» аб тым, што адбываецца на выбарчых участках. Акрамя таго, назіральнікі ад БСДП (Грамада) «не былі дапушчаныя да працэдуры падліку галасоў».
«Ніводзін з партыйных назіральнікаў, давераных асоб кандыдатаў у дэпутаты, а таксама кандыдатаў у дэпутаты ад БСДП (Грамада) не бачыў у бюлетэнях падчас падліку галасоў, дзе ў іх стаяць адзнакі выбаршчыкаў», - падкрэсліваецца ў дакуменце.
Назіральнікі БСДП (Грамада), адзначаецца ў заяве, зафіксавалі нізкі прыход выбаршчыкаў на значнай колькасці выбарчых участках, якая ў большасці выпадкаў не перавышала 50%. У шэрагу выпадкаў назіральнікі партыі фіксавалі «прымусовае галасаванне падчас датэрміновага галасавання, выбарчыя «каруселі», неналежнае захоўванне скрыняў для галасавання на выбарчых участках,змяншэнне спісу выбаршчыкаў».
«Усе пералічаныя факты сведчаць аб тым, што прагрэсу ў пытанні арганізацыі і правядзення выбараў не назіраецца, праваўжывальная практыка правядзення выбарчай кампаніі не прынесла пазітыўных вынікаў, а вынікі галасавання за партыйных кандыдатаў маглі быць абсалютна іншымі», - гаворыцца ў заяве.
БСДП (Грамада) заклікае міжнародную супольнасць «устрымацца ад прызнання вынікаў галасавання, абмежаваць кантакты з прызначанымі уладай «дэпутатамі».
Партыя таксама заклікае Цэнтрвыбаркам распрацаваць папраўкі ў Выбарчы кодэкс «у адпаведнасці з рэкамендацыямі АБСЕ, якія гарантавалі б у будучыні правядзенне свабодных і адкрытых выбараў».