BE RU EN

Жыхарам Берасцейшчыны распавялі пра малы памежны рух

  • 27.09.2016, 17:28

Актывісты арганізацыі «Вольны горад» прадаўжаюць інфармацыйную кампанію аб малым памежным руху.

На гэты раз яны наведалі буйныя населеныя пункты - Тамашоўку і Камароўку, паведамляе «Радыё Рацыя».

Яны знаходзяцца ў 70 кіламетрах ад Берасця, паміж Польшчай і Украінай. Мястэчкі вядомыя таксама як малая радзіма банкіра Пятра Пракаповіча і касманаўта Пятра Клімука.

У Тамашоўцы дзейнічае вялікі гатэль і рэстарацыя, але наведаць гэтыя вёскі вельмі складана. Патрэбны дазвол і аплата падатку за ўезд у памежную зону. Неаднаразовыя праверкі дакументаў пачынаюцца ўжо праз 40 кіламетраў ад Берасця. Фактычна гэта зона ў зоне, кажа актывістка «Вольнага гораду» Паліна Шарэнда-Панасюк:

- Нягледзячы на наяўнасць у Тамашоўцы дзейных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і статусу аграгарадка, адсюль з'язджае амаль уся моладзь. Фактычна Тамашоўка і ўтварылася як прыгарад пры чыгуначнай станцыі суседняга польскага горада Владавы. Але ўсё сувязі, якія складваліся дзесяцігоддзі, былі разбураныя пасля вайны. Як і быў разбураны мост, які калісьці злучаў Тамашоўку і Владаву.

Увядзенне малога памежнага руху было б першым крокам, каб прарваць гэтую ізаляцыю. Але ўлады не спяшаюцца з яго ўвядзеннем. І пакуль аб тым, што Польшча блізка, нагадвае назва станцыі ў Тамашоўцы, ды царкоўны звон з таго берага Буга, які раздаецца ва ўсіх навакольных вёсках.

Апошнія навіны