BE RU EN

Уладкавацца на працу ў Беларусі можна толькі дзякуючы пратэкцыі

  • 27.09.2016, 15:46

Лідар незалежнага прафзвязу распавёў, каго на прадпрыемствах чакае звальненне ў першую чаргу.

Паводле звестак Белстата, у эканоміцы Беларусі ў жніўні 2016 года было занятае 4 млн 396 тысяч чалавек. Гэта амаль на 84 тысячы менш, чым годам раней.

У апошні месяц лета былі звольненыя 88 323 чалавекі. Пры гэтым колькасць працаўладкаваных у жніўні была амаль на 10 дзесяць тысяч меншай, чым звольненых.

- Сёння ў першую чаргу не прадаўжаюць працоўны кантракт тым, як правіла, хто актыўна бароніць свае правы і інтарэсы на працоўным месцы. А таксама пенсіянерам. Застаюцца ж тыя, хто ўладкаваўся на працу па пратэкцыі. Мне цяпер нават цяжка назваць прадпрыемства, якое б набірала людзей на працу, - распавёў «Салідарнасці» старшыня Беларускага прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці Генадзь Фядыніч.

Паводле ягоных слоў, людзей найбольш страшыць тое, што сёння практычна немагчыма працаўладкавацца.

- Гэтая праблема асабліва востра стаіць для тых, хто рыхтуецца выйсці на пенсію. Таму што на 230-250 рублёў пражыць вельмі цяжка.

Лідар прафзвязу РЭП мяркуе, што праблема звальненняў будзе толькі абвастрацца:

- Ходзяць размовы, што пасля выканання замовы з Бангладэш на «Амкадоры» могуць скараціць да 20% работнікаў. На тым жа МАЗе і МТЗ прадаўжаюць выпускаць прадукцыю, але наколькі яна якасная і запатрабаваная на рынку? Вось дзе праблема.

Апошнія навіны