BE RU EN

Яшчэ мінус 84 тысячы занятых у эканоміцы

  • 26.09.2016, 20:15

Значнае зніжэнне колькасці занятых у эканоміцы не хавае нават Белстат.

Паводле звестак Нацыянальнага статыстычнага камітэта, у эканоміцы Беларусі ў жніўні 2016 года было занята 4 млн 396 тысяч чалавек. Гэта амаль на 84 тысячы менш, чым годам раней.

Паводле інфармацыі Нацыянальнага статычнага камітэта, у жніўні 2015 года ў эканоміцы было занята 4 млн 479,9 тысяч чалавек. Такім чынам, за год колькасць занятых знізілася на 1,9%, або на 83,9 тысяч чалавек, піша БелаПАН.

Між тым, паводле звестак Міністэрства працы і сацыяльнай абароны, колькасць зарэгістраваных беспрацоўных на канец жніўня 2016 года склала 42,6 тысячы чалавек (на канец жніўня 2015 года - 45,9 тысячы). Узровень зарэгістраванага беспрацоўя на канец жніўня, як і на такую ж леташнюю дату, склаў 1% ад эканамічна актыўнага насельніцтва.

У чарговым выданні аналітычнага агляду «Эканамічныя тэндэнцыі ў Беларусі», падрыхтаваным цэнтрам сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Belarus, адзначаецца, што ўзровень занятасці насельніцтва ў Беларусі знізіўся да самай нізкай за апошнія 12 гадоў адзнакі.

Як адзначаюць даследчыкі, на працягу двух мінулых кварталаў колькасць занятага насельніцтва ў краіне «зніжалася нябачанымі тэмпамі». У абсалютных лічбах штоквартальныя страты складалі 40 тысяч занятых. Такім чынам, за першае паўгоддзе занятых у эканоміцы стала менш на 80 тысяч.

«Гэта рэкордная зніжэнне занятасці за апошнія гады за такі кароткі прамежак часу. Пры гэтым колькасць беспрацоўных павялічылася за першае паўгоддзе толькі на 4 тысячы чалавек, што склала 5% ад скарочанай колькасці занятых у эканоміцы», - адзначаюць у CASE Belarus.

Паводле падлікаў даследчыкаў, у выніку ўзровень занятасці ў другім квартале ўпаў да беспрэцэдэнтна нізкай адзнакі - 4,402 мільёна чалавек. Раней гістарычны мінімум узроўню занятасці быў зафіксаваны ў чацвёртым квартале 2004 года - 4,420 млн.

«Такім чынам, заваёвы пяцігодкі 2006-2010 гадоў, якая ўвайшла ў гісторыю як пяцігодка высокіх тэмпаў росту УБП і занятасці, цалкам страчаныя. І гэта без уліку безупыннай з 2012 года змены метадалогіі ўліку працоўных рэсурсаў, дзякуючы якім занятасць рэгулярна папаўнялася на пару дзясяткаў тысяч - апошні раз, напрыклад, «дадаткова ўлічылі» рамеснікаў», - падкрэсліваюць аўтары агляду.

Нагадаем, Лукашэнка падчас паслання да народа і парламенту 21 красавіка заявіў аб патрэбе «звярнуць увагу на эфектыўную занятасць людзей, і тут не абысціся без аптымізацыі колькасці работнікаў».

«На кожнае скарочанае месца мае быць створана новае, высокапрадукцыйнае, - падкрэсліў Лукашэнка. - Калі раптам на МАЗе, БелАЗе адбываецца аптымізацыя і вызваляецца пэўная колькасць работнікаў, гэтых людзей павінны перавесці за руку праз дарогу і працаўладкаваць на новым працоўным месцы, а не выкідаць на двор. Папытанне за гэта будзе сёлета жорсткае».

Ён нагадаў пра заданне ўраду і абласным кіраўнікам стварыць сяголета 50 тысяч новых працоўных месцаў.

«Гэта мінімальнае патрабаванне, - заўважыў дыктатар. - Толькі 50 тысяч, нават не 100 тысяч і не мільён працоўных месцаў. А каб стварыць мільён працоўных месцаў, трэба мець мільярд! Мы рэалісты, стаім на зямлі: нам трэба 50 тысяч працоўных месцаў. Кожнаму заданне вызначанае, выконвайце». Пры гэтым ён папярэдзіў, што «месцы ствараюцца не для справаздач, а для канкрэтных людзей, якія жывуць на зямлі».

Апошнія навіны