BE RU EN

На матчы першай лігі мужчына спрабаваў пранесці на стадыён гранату

  • 26.09.2016, 19:50

Інцыдэнт адбыўся на матчы «Хімік» - «Зорка-БДУ».

На матчы першай лігі чэмпіянату Беларусі паміж светлагорскім «Хімікам» і «Зоркай-БДУ" быў затрыманы мужчына, які спрабаваў патрапіць на стадыён з баявой гранатай.

«У суботу 24 верасня а 16.00 на стадыёне «Хімік» пачаўся футбольны матч першай лігі паміж мясцовым ФК «Хімік» і менскім ФК «Зорка БДУ».

Праз гадзіну пасля пачатку сустрэчы старэйшым інспектарам крымінальна-выканаўчай інспекцыі Светлагорскага РАУС капітанам міліцыі Рыгорам Івановым і міліцыянерам палка ПВСМ УУС старэйшым сяржантам міліцыі Паўлам Крытышом, якія выконвалі прапускны рэжым на стадыён, быў заўважаны грамадзянін у стане алкагольнага ап'янення. Мужчына мэтанакіравана ішоў да ўваходу. Убачыўшы, што праводзяцца надглядныя мерапрыемствы, ён рэзка павярнуўся і накіраваўся ўздоўж паркану стадыёна.

Неадкладна праз рацыю загад на затрыманне атрымалі патрульныя міліцыянты прапаршчыкі міліцыі Дзмітрый Баеў і Максім Брокар, якія дзяжурылі менавіта ў тым месцы, якое спрабаваў штурмаваць неадэкватны хлопец.

Патрульныя прывялі яго да службовага аўтамабілю, а падчас надгляду перад пасадкай выявілі ў кішэні нагавіц боепрыпас, які нагадвае гранату Ф-1.

Міліцыянты распачалі ўсе неабходныя захады для гарантавання бяспекі мерапрыемства, што дазволіла не праводзіць эвакуацыю гледачоў і не перапыняць футбольны матч.

Для вызначэння небяспекі прадмета і наступнай ліквідацыі была выкліканая сапёрна-піратэхнічная група в/ч 5527. Канфіскаваная «граната» сапраўды была баявой гранатай Ф-1. На шчасце, узрывальнік быў прабітым, а вось начынне мела рэальную небяспеку.

Канфіскаваную гранату знішчылі на палігоне пад Светлагорскам. А ў дачыненні да 28-гадовага жыхара Светлагорска праводзяцца праверачныя мерапрыемствы для ўстанаўлення прычын і абставін гэтага здарэння», - паведамляе афіцыйны сайт УУС Гомельскага аблвыканкама.

Апошнія навіны