BE RU EN

Суд над Дзмітрыем Паліенкам пачнецца 11 кастрычніка

  • 26.09.2016, 17:05

Справу будзе разглядаць суддзя Валерый Есьман.

Стала вядома, што суд над актывістам Дзмітрыем Паліенкам пачнецца 11 кастрычніка а 10.00 у судзе Цэнтральнага раёна Менска. Справу будзе разглядаць суддзя Валерый Есьман, паведамляе ПЦ «Вясна».

Судзіць хлопца будуць паводле арт.364 Крымінальнага кодэкса «Гвалт або пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў», згодна з якім прадугледжаная адказнасць у выглядзе арышту, абмежавання волі на тэрмін да пяці гадоў, або пазбаўлення волі на тэрмін да шасці гадоў. Акрамя гэтага, праваабаронцам з ліста ад Дзмітрыя Паліенкі стала вядома, што дадаткова яго абвінавачваюць паводле ч.2 арт.343 КК РБ «Выраб і распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў або прадметаў парнаграфічнага характару», за што хлопцу пагражае пазбаўленне волі на тэрмін ад двух да чатырох гадоў.

Адносна непрапарцыйнага затрымання Дзмітрыя Паліенкі падчас акцыі «Крытычная маса» і абвінавачвання паводле арт.364 праваабаронцамі была прынятая адпаведная заява. Што тычыцца новага абвінавачвання і іх у сукупнасці - пазіцыя праваабаронцаў адносна статусу хлопца будзе сфармуляваная паводле вынікаў маніторынгу судовага працэсу над ім.

Аднак, крымінальны пераслед у дачыненні да Станіслава Канавалава быў спынены 24 жніўня, магчыма ён будзе выступаць у судзе ў якасці сведкі.

Нагадаем, жорсткае затрыманне веласіпедыстаў-удзельнікаў «Крытычнай масы» адбылося ўвечары 29 красавіка. У выніку грубых дзеянняў АМАПа, было затрымана 6 чалавек, якіх моцна збілі і адвезлі ў РУУС Цэнтральнага раёна. Пазней чацвёра з затрыманых падпісалі пратаколы аб парушэнні правілаў дарожнага руху і аказанні супраціўлення супрацоўнікам органаў унутраных спраў і ДАІ, а супраць дваіх былі распачатыя крымінальныя справы паводле арт.364 Крымінальнага кодэкса.

Затрыманаму Дзмітрыю Паліенку ўвечары 6 траўня выставілі абвінавачванні.

Падтрымаць лістамі цяпер можна па адрасе: 222160, Менская вобласць, г. Жодзіна, вул. Савецкая, 22а, СІЗА-8, Паліенку Дзмітрыю Аляксандравічу.

Апошнія навіны