BE RU EN

Швэйцарцы прагаласавалі за пашырэнне паўнамоцтваў спецслужбаў

  • 25.09.2016, 17:19

У Швэйцарыі закончыўся рэферэндум, які дазваляе Службе разведкі Канфедэрацыі праслухоўваць грамадзянаў.

Большасць швэйцарцаў прагаласавала на рэферэндуме ў нядзелю, 25 верасня, за пашырэнне паўнамоцтваў Службы разведкі Канфедэрацыі (СРК) – у прыватнасці, датычна праслухоўвання тэлефонных перамоваў і адсочвання актыўнасці грамадзянаў у інтэрнэце, паведамляе RFI.

Паводле папярэдніх звестак, апублікаваных пасля заканчэння галасавання швэйцарскім інстытутам сацыялагічных даследаванняў gfs.bern, «за» пашырэнне паўнамоцтваў спецслужбаў прагаласавалі 66%. У інстытуце, зрэшты, падкрэсліваюць, што гэтыя звесткі могуць уключаць у сябе статыстычную хібнасць + - 3%.

Швэйцарскі парламент прагаласаваў за новы закон пра дзейнасць выведкі яшчэ ў 2015 годзе, але прадстаўнікі некалькіх партый (у прыватнасці, Пірацкай партыі, сацыял-дэмакраты і партыя «зялёных») запатрабавалі правядзення рэферэндуму, мяркуючы, што наданне дадатковых правоў спецслужбам абмяжоўвае правы грамадзянаў.

Тым не менш, на рэферэндуме грамадзяне прагаласавалі за тое, каб Служба разведкі Канфедэрацыі атрымала права – пры выкананні пэўных умоваў – на праслухоўванне іхніх перамоваў, ускрыццё і ўзлом папяровага і электроннага ліставання, а таксама на правядзенне ператрусаў. Да гэтага часу афіцыйна СРК магла без дазволу суда збіраць толькі інфармацыю, якая мае дачыненне да «публічнай сферы» і ажыццяўляць сачэнне і праслухоўванне размоваў толькі ў грамадскіх месцах.

Ухваленне закона адбылося на фоне страху перад тэрарызмам, ахвярамі якога ў 2015 – 2016 гг. сталі ў Еўропе сотні чалавек – у прыватнасці, у Францыі, Бельгіі і Нямеччыне.

Апошнія навіны