Развіваць навуку паклікалі кітайцаў
- 23.09.2016, 15:59
Кітайская кампанія будзе супрацоўнічаць з Дзяржкамітэтам у навуцы і тэхналогіях Беларусі.
Кітайская кампанія Zhongguancun Development Group мае намер супрацоўнічаць з Дзяржаўным камітэтам у навуцы і тэхналогіях Беларусі (ДКНТ), паведамляе БелаПАН.
«Навука, высокія тэхналогіі ды інавацыі адыгрываюць значную ролю ў развіцці ўзаемавыгаднага беларуска-кітайскага супрацоўніцтва», - адзначыў старшыня ДКНТ Аляксандр Шумілін 23 верасня ў Менску на сустрэчы з кіраўніцтвам кітайскай кампаніі.
Паводле ягоных слоў, сярод прыярытэтных кірункаў двухбаковага ўзаемадзеяння - інфармацыйна-камунікацыйныя і аэракасмічныя тэхналогіі, бія- і нанаіндустрыі, медыцына і фармацыя, а таксама энэргаэфектыўныя і прамысловыя тэхналогіі. «Венчурныя інвестыцыі, высокатэхналагічныя праекты, стварэнне і развіццё суб'ектаў інавацыйнай інфраструктуры - таксама з'яўляюцца сферай узаемнага інтарэсу», - падкрэсліў Шумілін.
Як раней паведамлялася, у 2016-2017 гадах Беларусь і Кітай плануюць рэалізаваць блізу 30 супольных навуковых і навукова-тэхнічных праектаў. Для супольнага фінансавання гэтых і іншых праектаў Дзяржаўны камітэт у навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь і Міністэрства навукі і тэхнікі КНР у найбліжэйшы час плануюць падпісаць мемарандум аб супрацоўніцтве.
Zhongguancun Development Group - дзяржаўнае прадпрыемства, якое фінансуецца Народным урадам Пекіна. Кампанія была створаная ў 2010 годзе для падтрымкі і развіцця Нацыянальнага інавацыйнага дэманстрацыйнага парку. Холдынг уключае 29 даччыных кампаній. Сукупныя актывы групы склалі блізу 16 млрд даляраў ЗША, а чыстыя актывы дасягнулі 3,5 млрд.