BE RU EN

Судовыя выканаўцы пакінулі ў спакоі жыллё Тамары Сяргей

  • 23.09.2016, 14:44

Праваабаронца прадаўжае абскарджваць судовыя пастановы.

20 траўня суддзя суду Цэнтральнага раёна Менска Вікторыя Шабуня аштрафавала праваабаронцу Тамару Сяргей на 40 базавых адзінак (840 руб) За арганізацыю і ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні, якое 31 сакавіка на сталічнай плошчы Свабоды правялі 15 актывістаў Грамадзянскай ініцыятывы супраць беззаконня ў судах і пракуратуры. Пенсіянеры і інваліды з розных рэгіёнаў краіны патрабавалі дыялогу з чыноўнікамі, якія даюць адпіскі на звароты грамадзян, піша novychas.by.

27 ліпеня і 4 жніўня судовыя выканаўцы аддзела прымусовага выканання Савецкага раёну Менску двойчы спрабавалі патрапіць у кватэру Тамары Сяргей, каб зрабіць агляд жылля і высветліць матэрыяльны стан праваабаронцы. У якасці падставы для вопісу жылля была названая вялікая сума штрафу, якую Сяргей павінна ўнесці ў фонд дзяржавы. Аднак яна адмовілася ўпусціць судовых выканаўцаў у сваю кватэру.

29 ліпеня судовая выканаўца Анастасія Шкраба наклала арышт на жыллё юрысткі дзеля спагнання з яе штрафу. Праваабаронца расцаніла гэтыя дзеянні, як доказ ціску. «Таму што ў адпаведнасці з заканадаўствам, спагнанне не можа быць звернутае на кватэру, дзе я ўвесь час пражываю. Нягледзячы на гэта, судовы выканаўца ўсё ж такі арыштавала маё жытло. Такім чынам, Анастасія Шкраба пераступіла закон», - падкрэсліла Тамара Сяргей.

Паколькі дзеянні суддзі Вікторыі Шабуні і судовага выканаўцы Анастасіі Шкрабы юрыстка палічыла неабгрунтаванымі і незаконнымі, яна пачала іх абскарджваць. Так, праваабаронца была на прыёме ў аддзеле прымусовага выканання Савецкага раёна, у начальніка ўправы прымусовага выканання галоўнай управы юстыцыі Менгарвыканкама і ў адміністрацыі Лукашэнкі, дзе пакінула адпаведны запіс у кнізе заўваг і прапаноў.

Вынікам гэтых захадаў стала паведамленне з управы сацыяльнага забеспячэння Савецкага раёна аб тым, што з верасня гэтага года штраф сумай 840 руб будзе вылічацца з пенсіі Тамары Сяргей.

Разам з тым, яна амаль два месяцы прадаўжае абскарджваць пастанову суддзі Вікторыі Шабуні. З гэтай прычыны праваабаронца тройчы накіроўвала наглядную скаргу старшыні Менскага гарадскога суда Паўлу Каршуновічу, аднак скарга кожны раз не разглядаецца паводле надуманнай і незаконнай падставы.

Старшыня Менгарсуда матывуе свае дзеянні тым, што юрыстка не аплаціла дзяржпадатак у поўнай суме (дзве базавыя адзінкі, або 42 рублі). Аднак праваабаронца аплаціла дзяржпадатак у той суме (адна базавая адзінка, ці 21 рубель), як таго патрабуе закон.

Апошнія навіны