BE RU EN

Байкеры аб ДТЗ з ДАІшнікам: Прадухіліць аварыю было практычна немагчыма

  • 23.09.2016, 11:52

Нават паглядзеўшы відэа і вывучыўшы раскадроўку, усе матацыклісты перакананыя, што калі б паўтарылася такая сітуацыя з імі, яна скончылася б гэтак жа.

22 верасня Следчы камітэт апублікаваў відэа гучнай аварыі з удзелам байкера і інспектара ДАІ, якая адбылася 18 красавіка ў Менску. На ім бачна, як кіроўца матацыкла Suzuki Bandit вылятае на скрыжаванне праспекта Незалежнасці і вуліцы Казлова ў Менску разам з інспектарам ДАІ, які практычна вісіць на правай руцэ байкера. Даслоўна за тры секунды яны амаль цалкам перасякаюць праспект і трапляюць пад аўтамабіль інкасатараў.

Сайт СК паведамляе, што справа перададзеная ў суд. Таксама адзначаецца, што "кіроўца матацыкла меў магчымасць гамавання, мог своечасова спыніцца і не дапусціць дарожна-транспартнага здарэння, але не зрабіў гэтага". "Еўрарадыё" звярнулася да некалькіх байкераў з больш чым 20-гадовым стажам, каб разабрацца, ці мог абвінавачаны ў такой сітуацыі прадухіліць ДТЗ.

"Вельмі добра відаць, як даішнік абедзвюма рукамі вісіць на правай руцэ матацыкліста і на стырне, - амаль слова ў слова адзначаюць мотааматары. - Каб прадухіліць ДТЗ, трэба было націснуць на тормаз, які знаходзіцца там жа дзе і газ - з правага боку. Зрабіць гэта немагчыма, бо рука заблакаваная інспектарам. Нават, калі байкер захацеў левай рукой выціснуць счапленне, каб спыніць набіранне хуткасці, то яму трэба было трохі паслабіць левую руку. А ў гэтым выпадку яны б разам з даішнікамі заваліліся б направа. Нават калі б не заваліліся , то паехалі б па траекторыі направа".

Байкер мог скарыстацца нажным тормазам, якім таксама абсталяваны гэты матацыкл. Але са слоў экспертаў, чалавек, які не кантралюе на сто адсоткаў рух матацыкла, не зможа адарваць ногі з падножак, каб скарыстацца нажным тормазам, бо адразу ўпадзе. У дадатак, Suzuki Bandit мае больш за 70 конскіх сіл, а такую моц спыніць нажным тормазам амаль нерэальна.

"Гэтых трох секунд, за якія яны перасякаюць праспект, проста не дастаткова для хуткасці рэакцыі, каб зразумець, што з гэтым рабіць, - прадаўжаюць экспэрты. - У чалавека проста не было магчымасці зрэагаваць. У кожным выпадку, яны б або рэзнуліся ў самаход або ўпалі б. Нават калі б байкер паспрабаваў сарваць рукі даішніка і націснуць на тормаз, то іх бы пацягнула ў левы бок і фактычна яны б не па датычнай, а даслоўна лоб у лоб".

Нават паглядзеўшы відэа Следчага камітэта і вывучыўшы раскадроўку, усе матацыклісты перакананыя, што калі б паўтарылася такая сітуацыя з імі, яна скончылася б гэтак жа.

Адразу пасля здарэння жонка байкера Дар'я расказвала са слоў мужа, што "інспектар падышоў, папрасіў паказаць дакументы. Той пагадзіўся. Толькі сказаў, што спачатку адгоніць матацыкл да краю праезнай часткі. І тут міліцыянт альбо не пачуў гэтых слоў, альбо падумаў, што Сяргей збіраецца ўцякаць".

Інспектар ДАІ, які стаў удзельнікам ДТЗ, прызнаўся, што пра той момант нічога не памятае і нават следчым не змог нічога распавесці:

"Чакаю аперацыю для аднаўлення чэрапа, - расказаў інспектар. - Мая частка чэрапа ляжыць у лякарні хуткай дапамогі, вось яе будуць ставіць неяк на месца. Вось я кладуся, а калі, колькі часу гэта зойме, я не ведаю".

Байкеру выстаўленае абвінавачванне паводле ч 1 арт 363 (супраціў супрацоўніку міліцыі) і ч 2 арт 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху асобай, якая кіравала транспартным сродкам, што пацягнула з неасцярожнасці прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Калі пачнуцца судовыя пасяджэнні паводле справы, пакуль не паведамляецца. Абвінавачаны ўвесь гэты час знаходзіцца пад вартай.

Апошнія навіны