BE RU EN

Пагрозы Ананіч на адрас незалежных сайтаў абмяркоўвалі на канферэнцыі АБСЕ

  • 22.09.2016, 14:18

Галоўная рэдактарка сайта charter97.org выступіла на канферэнцыі аб чалавечым вымярэнні ў Варшаве.

Штогадовая канферэнцыя АБСЕ аб чалавечым вымярэнні праходзіць у Варшаве з 19 да 30 верасня.

Галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна, выступаючы на канферэнцыі, нагадала пра нядаўнія пагрозы незалежным сайтам з боку Міністэрства інфармацыі Беларусі:

- Сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі застаецца стабільна цяжкай. Тэле- і радыёэфір падпарадкаваны дзяржаве, на прапаганду выдаткоўваюцца велізарныя сродкі з бюджэту, а нешматлікія пакінутыя ў жывых незалежныя медыі працуюць у варунках шантажу і ціску ўладаў і спецслужбаў.

Апошнія пагрозы на адрас незалежных медый прагучалі 11 верасня ў дзень так званых «парламенцкіх выбараў» у Беларусі, якія былі гэтак жа сфальсіфікаваныя, як і ўсе ранейшыя.

Міністр інфармацыі Лілія Ананіч заявіла, што «некаторыя інтэрнэт-сайты, якія знаходзяцца за мяжой, занялі на гэтых «выбарах» дэструктыўную пазіцыю і панясуць адказнасць у адпаведнасці з нацыянальным заканадаўствам».

Відавочна, што гаворка ідзе пра сайт charter97.org як самы папулярны і незалежны інтэрнэт-рэсурс. Нацыянальнае заканадаўства прадугледжвае блакаванне інтэрнэт-рэсурсаў без суда, на падставе толькі папярэджання Міністэрства інфармацыі.

Нагадаю коратка, чаму мы сёння вымушаныя працаваць за мяжой. Таму што ў Беларусі быў забіты заснавальнік сайта charter97.org Алег Бябенін, рэдакцыя некалькі разоў зазнавала напады з боку спецслужбаў, у нас канфіскоўвалі ўсю тэхніку. Супраць мяне былі распачатыя чатыры крымінальныя справы, адна з якіх скончылася турмой КДБ.

Калі ўлады заблакуюць незалежныя інтэрнэт-сайты, інфармацыйная прастора будзе цалкам аддадзеная прапагандзе: беларускай (лукашэнкаўскай) і расейскай (пуцінскай). Таму што расейская прапаганда займае сёння ў Беларусі вядучыя пазіцыі і сее нянавісць і варожасць як да суседняй Украіны, так і да краін Захаду.

Адначасова сёння ідзе скарачэнне дапамогі незалежным медыям з боку еўрапейскіх і амерыканскіх партнёраў. Я згодна з праваабаронцам з Таджыкістана, што выступіў сёння на канферэнцыі АБСЕ, які ўсклаў на краіны Захаду адказнасць за цяжкую сітуацыю з правамі чалавека ў сваёй краіне.

Калі палітыкі Еўразвязу і ЗША будуць рабіць стаўку на супрацоўніцтва з дыктатарам і будзе прадаўжацца скарачэнне дапамогі дэмакратычнай апазіцыі, грамадзянскай супольнасці і незалежным медыям, то сітуацыя ў Беларусі хутка скоціцца да ўзроўню сітуацыі ў Таджыкістане.

Незалежныя беларускія медыі сёння маюць патрэбу ў салідарнасці і падтрымцы Захаду. Мы сёння - не толькі залог дэмакратычнай будучыні Беларусі, але і бяспекі Еўропы.

Адзначым, што ў рамках канферэнцыі асобна адбылася сустрэча Наталлі Радзінай з прадстаўніком АБСЕ ў свабодзе слова і СМІ Дуняй Міятавіч, дзе таксама асуджалася сённяшняя сітуацыя са свабодай слова ў Беларусі і пагрозы міністра інфармацыі на адрас незалежных сайтаў.

Наталля Радзіна і прадстаўніца АБСЕ ў свабодзе слова Дуня Міятавіч

Апошнія навіны