BE RU EN

У Нароўлі чыноўніца на аўто збіла журналіста-фрылансера

  • 15.09.2016, 18:37

Галоўны ідэолаг Нароўлі «пракаціла» на капоце Аляксея Атрошчанку.

Экс-кандыдат у «дэпутаты» ў Хойніцкай акрузе №47, журналіст-фрылансер Аляксей Атрошчанка паведаміў, што 15 верасня яго ў Нароўлі збіў аўтамабіль, якім кіравала супрацоўніца мясцовага райвыканкама. Ад удару пацярпелы ўпаў на капот аўтамабіля і атрымаў нязначныя траўмы, паведамляе БелаПАН.

«Мы сёння ў Нароўлі з калегам Канстанцінам Жукоўскім здымалі відэа на просьбу мясцовых жыхароў аб цяжкім сацыяльна-эканамічным становішчы райцэнтра. Чыноўнікі мясцовага райвыканкама ездзілі ўвесь час за намі, сачылі, што мы робім, і здымалі нас на відэа. Каля будынку Нараўлянскага РАУС мы задалі ім пытанне: навошта вы нас здымаеце? Жанчына-кіроўца рэзка дала па газах і збіла мяне, я апынуўся на капоце яе аўтамабіля», - заявіў Атрошчанка.

Паводле ягоных слоў, спачатку аўтамабіль з'ехаў, але цяпер з удзелам выкліканых супрацоўнікаў ДАІ і міліцыі ўсё ж адбываецца разбіральніцтва.

«Нас запрасілі прайсці ў мясцовы РАУС. На месцы яны разбірацца адмовіліся», - паведаміў журналіст-фрылансер Кастусь Жукоўскі.

Апошнія навіны