BE RU EN

Войска пачало вучэнні для «стабілізацыі абстаноўкі» ў асобных раёнах краіны

  • 14.09.2016, 12:25

Ва Узброеных сілах Беларусі пачаліся буйныя камандна-штабныя вучэнні.

14 верасня пачаліся буйныя камандна-штабныя вучэнні Узброеных сіл Беларусі пад кіраўніцтвам начальніка Генеральнага штаба УС - першага намесніка міністра абароны Беларусі генерал-маёра Алега Белаконева, паведамляе БелаПАН.

Як паведамляе прэс-служба Мінабароны, тэма вучэнняў: «Упраўленне групоўкай Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фармаванняў падчас спецыяльнай аперацыі для стабілізацыі становішча ў асобных крызісных раёнах дзяржавы». Галоўная іх мэта - навучыць органы кіравання УС, іншых войскаў і воінскіх фармаванняў узгодненаму кіраванню вылучанымі сіламі і сродкамі пры выкананні задач прызначэння.

Падчас вучэнняў прадугледжана практычная адпрацоўка шырокага спектру пытанняў. Асноўнымі з іх з'яўляюцца вылучэнне воінскіх часцей і падраздзяленняў у прызначаныя раёны, стварэнне аб'яднанага органа кіравання ў інтарэсах кіраўніцтва створанай групоўкай войскаў, арганізацыя ўзаемадзеяння розных ведамасных сіл у раёнах выканання задач, адбіццё нападаў незаконных узброеных фармаванняў і дыверсійна-разведвальных груп патэнцыяльнага праціўніка, іх пошук, блякаванне , прымус да здачы або знішчэнне.

Вучэнні праводзяцца ў два этапы. На першым асноўныя намаганні засяроджваюцца на кіраванні падчас стварэння групоўкі Узброеных сіл, іншых войскаў і воінскіх фармаванняў у інтарэсах правядзення спецыяльнай аперацыі. На другім этапе плануецца рэалізаваць на практыцы кіраванне створанай групоўкай падчас развязання задач спецыяльнай аперацыі.

Упершыню ўдзельнікі КШВ будуць выконваць пастаўленыя перад імі задачы практычна на ўсіх палігонах Узброеных сіл: Лосвіда, Гожскі, Лепельскі, Асіповіцкі, Барысаўскі, Абуз-Лясноўскі, Даманаўская, а таксама на тэрыторыі Полацкага раёна Віцебскай вобласці, Горацкага раёна Магілёўскай вобласці і ў пунктах сталай дыслакацыі.

Да ўдзелу ў КШВ прыцягваюцца органы кіравання, воінскія часткі і падраздзяленні Узброеных сіл, аператыўныя групы і падраздзяленні міністэрстваў унутраных спраў і надзвычайных сітуацый, Дзяржаўнага памежнага камітэта, а таксама аператыўныя групы Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Следчага камітэта - усяго да 7500 чалавек, да 60 танкаў , да 220 баявых браніраваных машын і да 50 артылерыйскіх гармат, мінамётаў і РСЗА. У інтарэсах пастановы задач вучэнняў з запасу прызвана блізу 450 вайсковаабавязаных.

Апошнія навіны