У цэнтры Гомеля знайшлі авіябомбу
- 12.09.2016, 17:34
У рацэ Сож у цэнтры Гомеля вадалазы выявілі авіяцыйную бомбу часоў ВАВ.
Пра гэта паведаміў БелТА вядучы спецыяліст Гомельскай абласной арганізацыі рэспубліканскага дзяржаўна-грамадскага аб'яднання «Беларускае рэспубліканскае таварыства выратавання на водах» Сяргей Касцючэнка.
Бомбу выявіў вадалаз манеўрана-пошукавай групы падчас вучэбна-трэніровачнага спуску. Авіянабой знаходзіцца ў рацэ ў раёне цэнтральнага пляжа, недалёка ад Білецкага спуску.
Месца небяспечнай знаходкі пазначана буямі. Інфармацыя перададзена сапёрам і міліцыі. Тэрыторыю ракі ахоўваюць супрацоўнікі міліцыі.