BE RU EN

Больш як палова беларусаў жыве на суму ад 200 да 400 рублёў на месяц

  • 1.09.2016, 21:35

Асноўныя выдаткі на ежу, адзенне і камунальныя паслугі.

У другім квартале года, паводле звестак Белстата, прыкладна кожны чацвёрты беларус (26,8%) на месяц здавольваўся сумай ад 300 да 400 рублёў (3 - 4 мільёны на старыя грошы). Гаворка ідзе пра сярэднедушавыя наяўныя рэсурсы: каб іх падлічыць, усе грошы, якія за месяц атрымлівае сям'я ў выглядзе заробкаў, пенсій, дапамог ды іншых даходаў, дзеляцца на ўсіх сямейнікаў, у тым ліку дзяцей, піша kp.by.

Прыкладна такі ж адсотак беларусаў (24,6%) жыве на суму ад 200 да 300 рублёў на месяц. А вось тых, на каго прыпадае больш за 600 рублёў, толькі 13,6% (больш падрабязна глядзі інфаграфіку). Больш за ўсё такіх шчасліўчыкаў у сталіцы - 28%, прыблізна кожны чацвёрты. Найбяднейшай выявілася Берасцейская вобласць. Тых, на каго за месяц прыпадае больш за 600 рублёў, там толькі 8,3% - менш, чым у кожным іншым рэгіёне і ў сярэднім у краіне. А тых, хто за месяц мае менш за 150 рублёў, там таксама больш, чым дзе-небудзь яшчэ - 4,5%, прыкладна кожны дваццаты жыхар рэгіёну.

Колькі грошай на месяц мае кожны жыхар краіны
ФОТА: Кацярына Марціновіч

У цэлым малазабяспечаных сем'яў (тых, дзе на чалавека за месяц прыпадае менш за бюджэт пражытковага мінімуму - 175,5 рубля) у другім паўгоддзі засталося столькі ж, колькі і ў першым - 3,9%. Як і заўсёды, найбольшую рызыку апынуцца за рысай беднасці маюць сем'і з дзецьмі. Іх выявілася 8,2% ад агульнай колькасці. А гэта, фактычна, кожная дванаццатая сям'я, дзе ёсць хоць бы адно дзіця малодшае за 18 гадоў.

Дарэчы, самы важкі артыкул выдаткаў беларусаў - прадукты: на іх ідзе 42% ад агульнай сумы штомесячных выдаткаў. Пры гэтым год таму, у першым квартале 2015 года, на ежу грошай ішло крыху больш - 43,3% ад агульнай колькасці выдаткаў. За год мы таксама сталі менш выдаткоўваць на цыгарэты і алкаголь (выдаткі ў гэтым артыкуле зменшыліся на 0,3%), адзенне і абутак (на 0,6%), а больш - на камунальныя паслугі (выдаткі выраслі на 0,8%) і паслугі сувязі (на 0,4%).

На што выдаткоўваюць грошы беларусы
ФОТА: Кацярына Марціновіч

Апошнія навіны