BE RU EN

Міліцыянты затрымалі менчука за тое, што той зняў іх на тэлефон

  • 29.08.2016, 18:37

Новай гісторыяй з удзелам сілавікоў падзяліўся музыка Міхаіл Філіпеня. І яна не дадасць плюсаў беларускай міліцыі.

«Не думайце шпацыраваць горадам-героем улегцы! А яшчэ з тэлефонам, у якім ёсць функцыя «зняць відэа». І, не дай бог, у цэнтры здымаць людзей пры выкананні службы! Падбягуць, адбяруць, перакапаюць у вашым тэлефоне ўсё. Нават вашыя шчырыя фота з жонкай. Люблю свой горад! Дзякуй, краіна! Спадзяюся, з маіх штрафаў эканоміка ўстане з каленяў, нарэшце!» - напісаў Міхаіл Філіпеня на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» напярэдадні вечарам.

Мяркуючы з подпісу, які з'явіўся пад фота, аўтара допісу даставілі ў РУУС, дзе выпісалі штраф.

У панядзелак «Салiдарнасцi» атрымалася высветліць у Міхаіла драбніцы здарэння.

- Я здымаў на тэлефон відэа ля Ратушы - зацікавілі смяхотныя паводзіны прадаўца ў адным з гандлёвых шапікаў, - падзяліўся суразмоўца. - Праблема ў тым, што крыху наводдаль стаялі два супрацоўнікі міліцыі. Яны, убачыўшы мяне, пачалі падыходзіць - і, натуральна, патрапілі ў кадр. У выніку ў мяне забралі тэлефон, пачалі ў ім корпацца. Пры гэтым іх ніколькі не збянтэжыла пярэчанне, што гэта мая асабістая маёмасць: знайшлі відэа і выдалілі яго. Да гэтага я ў бары выпіў віна, так што ў дадатак яшчэ затрымалі (нібыта быў п'яны і хістаўся).

ФОТА З САЙТА GAZETABY.COM

На думку Міхаіла Філіпені, такія паводзіны міліцыі недапушчальныя, бо груба парушаюць правы чалавека.

- Калі я быў у Вільні і заблукаў, то проста спыніў аўтамабіль паліцэйскага - і той мяне вазіў, каб дапамагчы знайсці гатэль! Гэта значыць, у іншых краінах ёсць жаданне звярнуцца да паліцэйскага - чалавек у форме выклікае павагу. У нас - нават падыходзіць не хочацца. Міліцыя хутчэй выклікае ў людзей пачуццё страху.

Суразмоўца пакуль не вызначыўся, ці будзе падаваць скаргу на дзеянні сілавікоў.

- Сэнсу, як вы разумееце, у гэтым няма. Калі пачну нешта даводзіць, то, улічваючы нашую сістэму, больш сам зазнаю, - падрахаваў ён.

Апошнія навіны