BE RU EN

Патэнт на ўтрыманства

  • 28.08.2016, 19:48

Дзяржава фактычна мае намер гандляваць індульгенцыямі для беспрацоўных

Старшыня «Савета рэспублікі» Міхаіл Мясніковіч раскрыў план вываду беспрацоўных «з ценю».

«Трэба, мяркую, перагледзець існы парадак, лібералізаваць яго і ўводзіць дазвол на самазанятасць, перш за ўсё патэнты для самазанятасці і вызначыць прававы статус самазанятага. Кошт патэнта самазанятасці мог бы быць блізкім да памеру адзінага падатку. Патрэбныя меры падтрымкі самазанятасці: мікракрэдытаванне, бязвыплатная выдача памяшкання, кансультацыі», – абвесціў Мясніковіч.

Дырэктар аналітычнага цэнтра Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва Анатоль Змітровіч у інтэрв'ю «Беларускай праўдзе» назваў новую манументальную ініцыятыву чыноўніка «патэнтам на ўтрыманства».

– Мясніковіч ніколі не агучвае ўласныя ідэі, значыць, такі сцэнар прапрацоўваецца ў эшалонах улады. Улады спяшаюцца да прыняцця новай рэдакцыі закона аб занятасці насельніцтва ў кастрычніку 2016 года, каб пазбавіць максімальны лік беспрацоўных юрыдычнага статусу і выключыць іх з статыстыкі. Меркавалася, што «падатак на дармаедства» будуць плаціць каля 450 тысячаў чалавек, але рэальна заплацілі толькі паўтары-дзве тысячы. Утварылася вялікая дзірка ў бюджэце, якую трэба заткнуць. Дэкрэт аб дармаедстве не спрацаваў.

У перакладзе на чалавечую мову словы Мясніковіча азначаюць, што ўлады маюць намер браць грошы за тое, што чалавек не будзе працаваць, і здымаць беспрацоўных з уліку беспрацоўя. Але як такія дзеянні прастымулююць прадпрымальніцкую дзейнасць – хоць забіце, не разумею. Патэнт вызначае сферу дзейнасці, від дзейнасці (паслуга, гандаль). Кожны патэнт абавязкова рэгіструецца, прычым абавязкова паводле месца пражывання. А значыць, з'яўляецца новы суб'ект гаспадарання – прадпрымальнік. Кожны новы «прадпрымальнік» на месцы пражывання будзе плаціць камуналку ў трайным памеры, 20-працэнтны ПДВ, а ў прыватным доме – яшчэ і падатак на зямлю ў камерцыйным памеры. Які ж атрымаецца рэальны кошт такога патэнта?

Калі я, умоўна кажучы, маю патэнт, то змагу везці тавар з Расеі без сертыфікатаў, без дакументаў для ягонай рэалізацыі ў дамах, у прадпрыемствах? Не веру!

– Грошы, якія не атрымалася садраць з «дармаедаў», улады атрымаюць ад беспрацоўных?

– А заадно скароцяць войска беспрацоўных, якім не давядзецца плаціць дапамогу ў беспрацоўі. Узмацніўшы закон аб занятасці насельніцтва, улады прапануюць патэнт усім, хто страціць працу і не зможа ўладкавацца на новую працу.

– Значыць, дзяржава не збіраецца ні ствараць новыя працоўныя месцы, ні змагацца з беспрацоўем? Працоўную рэформу заменяць патэнты?

– За паўгода дзяржава страціла 9 тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў, да канца года колькасць ІП паменшыцца тысячаў на 20 – кожны з іх плаціў адзіны падатак, ПДВ. Дзяржава мяркуе: выдала патэнт – і ты зарабляеш: з неба зваліцца праца, з'явіцца выручка.

– Улада плануе выдаваць патэнты на жаданне ці кожнаму беспрацоўнаму – патэнт?

– Трэба вызначыць прававы статус самазанятага. Прававы статус – ужо не беспрацоўны; ты ўжо працуеш, цябе здымаюць з уліку беспрацоўя, перастаюць плаціць дапамогу за беспрацоўе. Нават калі ты нічога не робіш, ты не беспрацоўны: ты маеш патэнт.

Улады самі не разумеюць, у якое балота загналі сябе: у Кодэксе законаў аб працы, у Грамадзянскім кодэксе вельмі складана будзе вызначыць усе віды занятасці і вызначыць працэсы, звязаныя з судамі. Чалавек будзе махаць патэнтам як сцягам: мне дазволілі, я за ўсё заплаціў. Грамадзянін купляе індульгенцыю на ўсе грахі ў дзяржавы. А цяпер уявім, якое раздолле з'яўляецца ў ілжэпрадпрымальніцкіх структураў і лжэпрадпрымальнікаў...

Наступствы ўвядзення патэнтаў прадказаць немагчыма.

Апошнія навіны