BE RU EN

Сродкi на МКАД-2 забяруць у шматдзетных сем'яў

  • 28.08.2016, 17:39

На будаўніцтва МКАД-2 не хапіла вылучанага ўладамі фінансавання.

У сувязі з гэтым Банк развіцця вылучыць Міністэрству транспарту і камунікацый дадатковыя сродкі. Як паведамляецца на сайце банка, крэдыт будзе вылучаны са сродкаў сямейнага капіталу.

У банку нагадваюць, што будаўніцтва гэтай аўтамабільнай дарогі плануецца ў два этапы. Першы этап ужо скончыўся: у снежні 2015 года ў эксплуатацыю быў уведзены ўчастак даўжынёю 46,4 км. Другі этап павінен скончыцца да 1 снежня 2017 года: падчас яго павінны пабудаваць 41,4 км дарогі.

У Банку развіцця адзначаюць, што гэтая ўстанова ўдзельнічала ў пабудове першага ўчастка дарогі. А са снежня 2015 года банк пачаў фінансаваць і будаўніцтва другога этапу. Усяго банк вылучыў ужо крэдытаў на 272,5 мільёна рублёў у эквіваленце.

У 2016 годзе для заканчэння другога этапу будаўніцтва неабходна 213,9 млн рублёў. У сувязі з гэтым 9 жніўня 2016 года кіраўнік Беларусі прыняў распараджэнне пра крэдытаванне будаўніцтва. Банк павінен выдаць валютны крэдыт (у далярах ЗША) памерам, які не перавышае 125 мільёнаў рублёў у эквіваленце.

Банк развіцця паведамляе, што на фінансаванне іншых аб'ектаў, уключаных у план фінансавання, гэта ніяк не паўплывае.

Апошнія навіны