BE RU EN

Украінцы ўшануюць памяць Паўла Шарамета

  • 27.08.2016, 18:11

У нядзелю ўкраінцы збяруцца ў кіеўскім скверы Нябеснай Сотні ушанаваць памяць журналіста Паўла Шарамета, з дня смерці якога прайшло 40 дзён.

Пра гэта на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» напісала галоўная рэдактарка «Украінскай праўды» Сеўгіль Мусаева-Баравік.

«Пашы няма 40 дзён. Гэтыя чатыры словы не ўкладваюцца ў маёй галаве. Заўтра, 28 жніўня, з 17:00 у скверы Нябеснай Сотні мы ўспамінаем Чалавека, які любіў жыццё і салодкае», - напісала Мусаева-Баравік.

Яна заклікала ўсіх прыйсці з дэсертамі.

«Прыходзьце ў Сквер на дэсерты, прыходзьце з дзецьмі, прыходзьце са сваімі прысмакамі. Паша заўсёды любіў дапамагаць, таму і ў дзень яго памяці мы дапамагаем Таблеточкам (міжнародны дабрачынны фонд, які дапамагае дзецям з анкалагічнымі захворваннямі ва Украіне). Паша, для цябе мы заўтра з Жэняй Кулебай прыгатуем бізе. Ніколі раней гэтага не рабіла, але ўпэўненая, што мы справімся. Таму што ты б мне таксама сказаў, што ўсё атрымаецца», - дадала галоўная рэдактарка «Украінскай праўды».

Нагадаем, журналіст Павел Шарамет загінуў раніцай 20 ліпеня ў выніку выбуху аўтамабіля.

Апошнія навіны