Мікола Статкевіч: Вернем выбары – вернем надзею
- 27.08.2016, 14:45
12 верасня, 18.00, Кастрычнiцкая плошча - акцыя за новыя выбары.
Пра гэта ў «Фэйсбуку» напісаў адзін з лідараў апазіцыі Мікалай Статкевіч.
«Без нармальных выбараў нармальнага жыцця не будзе. Бо ўлада, якую народ не выбірае і якую не можа памяняць, рана ці позна пачынае працаваць толькі на сябе. На калекцыі лімузінаў і самалётаў, на свае замежныя сакрэтныя рахункі, на палацы, на шлюх. А самае галоўнае – на тое, каб кіраваць і захоўваць усё гэта вечна.
Таму эфектыўныя рэформы, якія маглі б падняць узровень жыцця мільёнаў, блакуюцца. Бо такія рэформы перашкодзяць поўнаму кантролю над людзьмі, а значыць – бескантрольнай уладзе над імі.
І пляваць, што мільёны людзей спаўзаюць у беднасць. Галоўнае, каб жыццёвы баль для аднаго доўжыўся бясконца.
Гэтая істота скрала ў нас не толькі выбары. Яна скрала ў нас надзею на нармальнае жыццё.
Хопіць з нас надакучлівых паўтораў даўно надакучлівага фарсу. Вернем сабе скрадзенае – вернем нармальныя выбары. Вернем краіне надзею.
12 верасня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менска – акцыя за сумленныя выбары», – напісаў Мікола Статкевіч.