BE RU EN

У Бабруйску «Жыгулі» з расейскімі нумарамі збілі супрацоўніка ДАІ

  • 15.08.2016, 17:53

Пацярпелага забрала хуткая дапамога, а ў аўтамабіля разбітая лабавая шыба і пакамечаны капот.

Сёння блізу 11:00 у Бабруйску кіроўца аўтамабіля «Жыгулі» з расейскімі рэгістрацыйнымі знакамі зрабіў наезд на супрацоўніка ДАІ, які нёс службу ў кантролі за дарожным рухам. Пацярпелага забрала хуткая дапамога. У аўтамабіля разбітая лабавая шыба, пакамечаны капот.

Аб здарэнні паведаміў сведка, піша onliner.by.

- Інспектар нёс службу і знаходзіўся на краі праезнай часткі па вуліцы Менскай у Бабруйску, - распавёў сведка. - Яго збіў кіроўца «Жыгулёў» з расейскімі нумарамі. Супрацоўніка ДАІ забрала хуткая дапамога. У аўтамабіля ўвагнутасць на капоце і разбітая лабавая шыба. Наезд зроблены на хуткасці, як мяркуецца, 40-45 км/г.

На гэты момант журналістам пацвердзілі факт ДТЗ, на месцы праводзіцца праверка. Інспектар знаходзіцца ў шпіталі, ён пры памяці.

Ва УУС Магілёўскай вобласці паведамілі, што ДТЗ здарылася сёння блізу 10:20. Аўтамабіль рухаўся з боку вуліцы Кастрычніцкай у бок вуліцы Шміта. Пры перабудаванні ў крайнюю правую паласу руху кіроўца не справіўся з кіраваннем і зрабіў наезд на інспектара ДПС АДАІ УУС Бабруйскага гарвыканкама, які нёс службу ў гарантаванні бяспекі дарожнага руху.

- Супрацоўнік знаходзіўся ў форменным абмундзіраванні (з атрыбутыкай падвышанай бачнасці), пры выкананні службовых абавязкаў. Папярэдне ў яго дыягнаставаная закрытая чэрапна-мазгавая траўма. Дзякуючы своечасова нададзенай медыцынскай дапамозе, жыццю інспектара цяпер нічога не пагражае, - распавялі ва УУС.

Кіроўцам выявіўся 20-гадовы ўраджэнец Бабруйска, які неаднаразова прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне ПДР. Прынамсі, у ліпені 2016 ён быў пазбаўлены права кіравання транспартным сродкам тэрмінам на тры гады за кіраванне ў стане алкагольнага ап'янення.

У кіроўцы ўзятыя біялагічныя ўзоры для вызначэння фізічнага стану. Паводле факту ДТЗ праводзіцца праверка.

Апошнія навіны