BE RU EN

«Жанчыны супраць фальсіфікацый!»: Тэрміну даўніны ў злачынстваў супраць закону і сумлення няма

  • 10.08.2016, 19:13

Грамадзянская ініцыятыва «Жанчыны супраць фальсіфікацый!» заклікае выбарчыя камісіі зрабіць выбар на карысць дэмакратычных выбараў.

Пра гэта заяўлена 10 жніўня на прэзентацыі ініцыятывы ў Менску, піша БелаПАН.

«Наша ініцыятыва накіраваная на заклік да сябраў выбарчых камісій пераадолець страх і залежнасць ад улады і зрабіць выбар на карысць дэмакратычных выбараў без фальсіфікацый і падробкі», - адзначыла адная з каардынатараў ініцыятывы намесніца старшыні Аб'яднанай грамадзянскай партыі Антаніна Кавалёва.

Яна паведаміла, што чым ніжэйшы ўзровень выбарчых камісій, тым большы ў іх адсотак жанчын. «Гэта значыць, асноўныя маніпуляцыі робяцца жаночымі рукамі», - сказала яна.

«Мы разумеем, што ўлада не зможа змяніць свае правілы гульні, - бо застанецца без улады, - адзначыла яшчэ адная каардынатарка ініцыятывы намесніца старшыні руху «За Свабоду» Галіна Скараход. - Але мы перакананыя, што грамадская дыскусія, супольныя дзеянні, каардынацыя ініцыятыў і кампаній дазволіць нам максімальна растлумачыць грамадству, што адбываецца з іх галасамі пры падліку».

Паводле ейных слоў, выбарцы павінны ведаць, хто ігнаруе іх меркаванне, а сябры камісій - памятаць, што тэрміну даўніны ў злачынстваў супраць закону і сумлення няма.«Мы сочым за іх дзеяннямі, каб спытаць за падробку ў будучыні», - падкрэсліла Скараход.

Каардынатарка ініцыятывы таксама адзначыла, што ўлады на «парламенцкіх выбарах» гэтага года, як і на папярэдніх, гуляюць «мечанымі картамі». «Цяпер гэта адбываецца таму, што дэмакратычныя партыі і арганізацыі вылучылі прэтэндэнтамі ў дэпутаты яркую каманду, у якой больш патэнцыялу, чым ў кандыдатаў ад улады», - мяркуе яна.

Апошнія навіны