Анджэй Дуда: Варшаўскае паўстанне павінна быць крыніцай гонару і натхнення
- 1.08.2016, 17:08
Польскі прэзідэнт накіраваў ліст удзельнікам Варшаўскага паўстання.
«Варшаўскае паўстанне павінна быць крыніцай гонару і натхнення ў працы над незалежнай Польшчай», - напісаў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда ў лісце да паўстанцаў Варшаўскага паўстання 1944 года. Пасланне польскага кіраўніка было зачытанае падчас арганізаванай напярэдадні 72-й гадавіны памятнай цырымоніі, паведамляе «Радыё Польшча».
Польскі кіраўнік падкрэсліў, што 1 жніўня - гэта свята польскай свабоды, а для палякаў свабода з'яўляецца самай вялікай каштоўнасцю. Варшаўскае паўстанне, са словаў польскага прэзідэнта, было чарговым звяном у доўгім ланцужку барацьбы польскага народа за свабоду.
Анджэй Дуда адзначыў, што ў дзень гадавіны Варшаўскага паўстання палякі ўспамінаюць не толькі пра подзвігі паўстанцаў, але і ўмацоўваюць сучасную польскую незалежнасць.
«Нягледзячы на розніцу ў поглядах, палякі пайшлі на бой разам, аб'яднаныя незалежна ад палітычных поглядаў. Усе - нацыяналісты і сацыялісты, сіндыкалісты і кадэты, кансерватары і лібералы. Тое, што іх аб'ядноўвала, было мацнейшым за іх погляды. А аб'ядноўвала іх прага свабоды і жаданне быць гаспадарамі на ўласнай радзіме, незалежна прымаць пастановы, якія датычацца іх краіны. [...] Мяркую, што гэта адзінства з'яўляецца вялікім урокам, які нам паднесла гісторыя Варшаўскага паўстання», - напісаў прэзідэнт Анджэй Дуда ў сваім лісце.