Сур'ёзная аварыя пад Менскам: лоб у лоб сутыкнуліся Renault і Mazda
- 1.08.2016, 16:37
У выніку аварыі два чалавекі загінулі і чацвёра пацярпелі.
Відавочцы паведамілі аб цяжкім ДТЗ, якое здарылася сёння раніцай на развязцы трасы Р28 (Менск - Маладзечна - Нарач) і МКАД-2. Да месца аварыі прыбылі супрацоўнікі ДАІ і МНС, а таксама брыгады хуткай дапамогі. Рух на гэтым адрэзку абцяжараны. Паступіла інфармацыя аб загінулых, паведамляе onliner.by.
- Відавочна, што адбылося лабавое сутыкненне. Адно аўто стаяла на сустрэчнай паласе, іншае - справа, каля адбойніка. Паміж імі ўсё ўсыпана абломкамі, - распавёў сведка. - Рух запаволіўся, многія сталі вяртацца назад. Затор у выніку сабраўся вельмі доўгі.
Абставіны здарэння паведамілі ў МНС Менскай вобласці. Там пацвердзілі, што на развязцы трасы Р28 і МКАД-2 паблізу вёскі Гарошкі Менскага раёна адбылося лабавое сутыкненне аўтамабіляў Renault Laguna і Mazda 323.
- У выніку ДТЗ кіроўца аўтамабіля Mazda, а таксама пасажыр гэтай машыны загінулі. Яшчэ трое пасажыраў Mazda, а таксама кіроўца Renault (мужчына 1981 года нараджэння) з траўмамі рознай ступені цяжкасці дастаўленыя ў лякарню, - паведамілі ў МНС.
Каб дэблакаваць аднаго з пацярпелых, спатрэбілася дапамога ратавальнікаў.
У ДАІ Менскай вобласці паведамілі, што ДТЗ здарылася на 31-м км трасы Р28.
- Аўтамабілем Mazda кіраваў маладзён 1995 года нараджэння. Ён рухаўся ў кірунку горада Маладзечна і, паводле папярэдняй інфармацыі, выехаў на паласу сустрэчнага руху, дзе сутыкнуўся з аўтамабілем Renault, - распавялі ў ДАІ.
У выніку загінулі кіроўца Mazda і дзяўчына 1997 нараджэння, якая знаходзілася на заднім сядзенні за месцам кіроўцы. Таксама ў гэтай машыне знаходзіліся яшчэ трое пасажыраў (моладзь 1994, 1999 і 2000 гадоў нараджэння). Усе яны дастаўленыя ў лякарню з траўмамі рознай ступені цяжкасці.
Кіроўца Renault, мужчына 1981 года нараджэння, жывы. У цяжкім стане ён шпіталізаваны.
Паводле факта ДТЗ праводзіцца праверка, высвятляюцца прычыны здарэння. Паводле адной з версій, кіроўца Mazda мог заснуць за стырном, у выніку чаго выехаў на сустрэчную паласу.