BE RU EN

Губернатарам Токіё ўпершыню стане жанчына

  • 31.07.2016, 21:36

Былая міністарка абароны Японіі Юрыка Коікэ стане першай жанчынай на пасадзе губернатара Токіё, згодна з апошнімі апытаннямі на выхадзе.

Дзяржаўны тэлеканал NHK ды іншыя СМІ прадказваюць ейную перамогу, паведамляе расейская служба ВВС.

Выбарчыя пункты зачыніліся а 13.00 менскага часу.

Пераможцы выбараў трэба будзе заняцца падрыхтоўкай горада да Алімпійскіх гульняў 2020 года.

"Мая палітыка будзе радыкальна адрознівацца ад папярэднікаў, я зраблю Токіё такім, якім вы яго ніколі яшчэ не бачылі!" - сказала 64-гадовая палітычка сваім прыхільнікам.

Ранейшы мэр Токіё Ёіці Масудоэ сышоў у адстаўку ў чэрвені, пасля таго як яго абвінавацілі ў фінансавай несумленнасці. Так, як сцвярджалі ягоныя крытыкі, чыноўнік выдаткоўваў грошы з гарадскога бюджэту на сваіх дзяцей.

Ягоны папярэднік Наокі Іносэ таксама быў вымушаны сысці ў адстаўку ў сувязі з фінансавым скандалам.

На пасаду мэра прэтэндаваў 21 кандыдат, сярод якіх самыя моцныя кандыдаты - былы міністр урада Хіра Масуда, экс-міністр абароны Юрыка Коікэ і телевядоўца Сюнтара Тарыгоэ.

Апошнія навіны