BE RU EN

У Беларусі ўстанавілі новы нацыянальны рэкорд у парашутным спорце

  • 31.07.2016, 18:12

На фестывалі #пронебо-2016 пад Менскам 30 чалавек склалі фігуру на вышыні 5 тысяч метраў.

Новы нацыянальны рэкорд Беларусі ў парашутнай групавой акрабатыцы ў класе "Вялікая фармацыя" устанавілі сёння ў Менскім аэраклубе ДТСААФ на фестывалі авіяцыйнага спорту # пронебо-2016, паведаміў журналістам генеральны сакратар Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту Антон Быстроў, паведамляе БелТА.

Новы рэкорд - гэта 30 чалавек, якія падняліся ў неба і склалі там фігуру. На вышыню 5 тысяч метраў іх уздымаў самы вялікі верталёт у свеце - Мі-26. Дасягненне было ўстаноўлена з трэцяй спробы (з пяці магчымых), яго зафіксаваў суддзя.

Генеральны сакратар Беларускай федэрацыі авіяцыйнага спорту ўдзельнічаў у складанні фігуры. Паводле ягоных слоў, цяперашні рэкорд - паказчык развіцця парашутнага спорту ў краіне. Мінулае дасягненне ў 20 чалавек устанаўлівалі ў 2014 годзе. У свеце былі прыклады, калі фігуру складалі 100 і больш чалавек, але для Беларусі сённяшняя лічба - знак росту.

Антон Быстроў адзначыў, што парашутны спорт у краіне знаходзіцца на пачатковым этапе і для яго росту неабходна як большая колькасць лятальных апаратаў, так і з'яўленне прыватных аэрадромаў. Фестываль авіяцыйнага спорту праходзіць у Беларусі другім разам. Арганізатарамі # пронебо-2016 з'яўляюцца Беларуская федэрацыя авіяцыйнага спорту і ДТСААФ Беларусі.

Апошнія навіны