З пачатку года насельніцтва Менска вырасла на 4,4 тысячы чалавек
- 31.07.2016, 16:26
Колькасць насельніцтва Менска паводле стану на 1 ліпеня 2016 года склала 1 млн 964,2 тысяч чалавек.
Гэта на 4,4 тысячы больш у параўнанні з пачаткам гэтага года, паведамілі БелаПАН у галоўнай статыстычнай управе сталіцы.
У студзені-чэрвені 2016 года ў сталіцы нарадзілася 10 904 дзіцяці, на 16 больш у параўнанні са студзенем-чэрвенем 2015 года. Памерла 8 758 чалавек, менш у параўнанні з аналагічным перыядам 2015 года на 34 (на 0,4%). Натуральны прырост склаў 2 146 чалавек, на 50 (на 2,4%) больш, чым у студзені-чэрвені 2015 года.
У першыя шэсць месяцаў 2016 года зарэгістраваны 6 191 шлюб, афіцыйна скасавалі шлюб 3 779 сем'яў.
Рост насельніцтва сталіцы нядаўна выклікаў незадаволенасць у беларускага дыктатара.
Нагадаем, што на «ўсебеларускім» сходзе Лукашэнка запатрабаваў скараціць прыток натуральнай міграцыі з рэгіёнаў у Менск.
«Запомніце простую народную ісціну - не сена ідзе да каровы, а карова да сена, - сказаў дыктатар. - І трэба навучыць наш народ рухацца туды, дзе ёсць працоўнае месца, а не ствараць працоўныя месцы, дзе ўсім хочацца - у Менску і пад Менскам».
Ён нагадаў, што для гэтага ўжо ўжытыя сур'ёзныя захады аж да скарачэння жыллёвага будаўніцтва ў Менску і пераносу яго ў рэгіёны. «Гэтая палітыка будзе прадоўжаная», - заявіў Лукашэнка.