BE RU EN

Эрдаган абвінаваціў генерала ЗША ў падтрымцы арганізатараў путчу

  • 29.07.2016, 20:45

Гнеў турэцкага прэзідэнта выклікала ўстурбаванасць кіраўніка Цэнтральнага камандавання ўзброеных сіл ЗША Джозэфа Вотэла масавымі чысткамі ў турэцкім войску.

Прэзідэнт Турцыі Рэджэп Таіп Эрдаган абвінаваціў шэраг высокапастаўленых генералаў ЗША ў падтрымцы ўдзельнікаў няўдалага дзяржаўнага перавароту ў Турцыі, піша Deutsche Welle.

"Вы занялі бок арганізатараў путчу замест таго, каб падзякаваць тым, хто гэты путч прадухіліў", - заявіў турэцкі лідар, выступаючы ў паліцэйскай акадэміі ў раёне Гельбашы, дзе падчас здушэння путчу загінулі дзясяткі чалавек.

Гнеў Эрдагана выклікала выказванне кіраўніка Цэнтральнага камандавання ўзброеных сіл ЗША Джозэфа Вотэла, які заявіў, што масавыя чысткі ў турэцкім войску, якія праводзяцца ў краіне пасля няўдалага перавароту, і арышты дзясяткаў генералаў могуць негатыўна адбіцца на вайсковым супрацоўніцтве ЗША і Турцыі. Сярод іншага, Вотэл адзначыў, што асноўныя вайсковыя партнёры ЗША знаходзяцца ў турме паводле абвінавачвання ва ўдзеле ў дзяржаўным перавароце.

Каментуючы выказванне Вотэла, Эрдаган параіў амэрыканскаму генералу "ведаць сваё месца" і дадаў, што Злучаныя Штаты далі прытулак галоўнага натхняльніка путчу - ісламісцкаму прапаведніку Фетгулагу Гюлену, экстрадыцыі якога дамагаецца Анкара.

Устурбаванасць чысткамі ў турэцкім войску раней выказаў таксама дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША Джэймс Клэпэр. Ён зазначыў, што арышты і адхіленні ад пасад, якія праводзяцца пасля здушэння спробы перавароту ў Турцыі могуць прычыніцца да паслаблення барацьбы з тэрарыстычнай групоўкай "Ісламская дзяржава". Паводле ягоных слоў, пад абух трапіў увесь апарат бяспекі ў Турцыі. Гэта, без сумневу, моцная пляга, які ўскладніць супрацоўніцтва з Анкарой, адзначыў Клэпэр.

Апошнія навіны