BE RU EN

Гаспадарам аграсядзіб забаранілі прымаць замежнікаў

  • 29.07.2016, 11:52

Санстанцыя просіць не здаваць жыллё замежным грамадзянам, каб «не дапусціць распаўсюджвання інфекцый».

26 ліпеня гаспадыні адной з аграсядзібаў Берасцейскай вобласці прыйшоў электроннай поштай нечаканы ліст з Берасцейскага занальнага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі. У ім просяць не здаваць жыллё замежным грамадзянам, каб не дапусціць распаўсюджвання інфекцый, піша tut.by.

«Гэтыя асобы ў большасці сваёй не прышчэплены супраць адру, краснухі, туберкулёзу, эпідэмічнага паратыту, поліяміэліту, дыфтэрыі і могуць з'явіцца чыннікам узнікнення гэтых заразных захворванняў (...) Замежныя грамадзяне павінны пражываць у гатэлях, бо ў іх створаны ўсе неабходныя ўмовы для правядзення прафілактычных мерапрыемстваў, а работнікі гэтых устаноў абаронены ад інфекцый своечасова зробленымі прышчэпкамі. Здаючы жыллё замежным грамадзянам, Вы ставіце пад пагрозу сваё здароўе, здароўе сваіх дзяцей і блізкіх, жыхароў ўсяго комплексу і насельніцтва горада Берасця ў цэлым. Рэкамендуем ўсім быць пільнымі і не падвяргаць небяспецы заражэння сваіх блізкіх і навакольных людзей», - гаворыцца ў лісце.

- У мяне цяпер жывуць расейцы, - распавядае гаспадыня сядзібы. - Але, атрымаўшы гэты ліст, я ўжо хацела іх выганяць. Бо выразна напісана «аб недапушчальнасці здачы жылля замежным грамадзянам».

Генадзь Радчанка, галоўны санітарны лекар Берасця і Берасцейскага раёна, распавёў, што пад замежнымі грамадзянамі маюцца на ўвазе не турысты, а мігранты, якія ідуць праз Беларусь у Еўразвяз са статусам уцекачоў. Пры гэтым ён упэўнены, што ў лісце гэта выразна прапісана.

Але гаспадыня аграсядзібы адзначае: прачытаўшы тэкст, складана зразумець, што гаворка ідзе пра мігрантаў.

- Не ведаю, хто гэта можа так зразумець? - задаецца пытаннем яна. - Больш за тое, атрымаўшы ліст, я з жахам прыгадала, што сама не прышчэпленая ад ніводнага з гэтых захворванняў.

Валерыя Кліцунова, старшыня праўлення Беларускага грамадскага аб'яднання «Адпачынак у вёсцы», кажа, што гэтая рассылка гаспадароў сядзіб у Берасцейскай вобласці шакавала. На яе погляд, яе можна расцаніць як спробу «адкруціць замежнікаў ад аграсядзібаў».

- Чаму б не зрабіць каранцінную зону для замежнікаў, эпідэматрады? Навошта нашых выпускаць, бо навокал непрышчэпленыя і небяспека? - задае рытарычнае пытанне яна. - Калі б быў часопіс «Гумар», то гэты ліст можна было б там размясціць.

Са свайго боку Генадзь Радчанка дадаў, што ўсе каментары аб гэтым пытанні ўжо дала галоўная санітарная лекарка Беларусі Наталля Жукава.

Раней яна патлумачыла, што інфармацыя носіць рэкамендацыйны характар, і пакуль няма ні аднаго факту заражэння беларусаў гэтымі інфекцыямі. Але выпадкі захворвання сярод дзяцей мігрантаў, якія ідуць праз Берасце у ЕЗ, ёсць. Некаторых з іх шпіталізавалі. Пры гэтым калі перасяленцаў не ўпускаюць у ЕЗ і вяртаюць цягніком з Польшчы, у Берасце іх прышчапляюць.

Дарэчы, выпадкі эндэмічнай адру не рэгіструюцца ў Беларусі блізу 7 гадоў. Гэта звязана з высокім узроўнем ахопу прышчэпкамі - у сярэднім 95-97% прышчэпленых. У некаторых узроставых групах гэтая лічба даходзіць да 99%.

Апошнія навіны