BE RU EN

Брытанія і Францыя заклікалі рэжым Асада спыніць аблогу Алепа

  • 28.07.2016, 18:33

Праз аблогу горада, з якога не могуць выбрацца амаль 300 тысяч чалавек, аднавіць мірныя перамовы ў Сірыі немагчыма.

Міністры замежных спраў Францыі і Вялікабрытаніі Жан-Марк Эйро і Барыс Джонсан заклікалі ўрад Сірыі і яго хаўруснікаў спыніць аблогу горада Алепа, інфармуе расейская служба BBC.

У супольнай заяве Джонсана і Эйра падкрэсліваецца асаблівая роля Расеі: на іх думку, у Масквы ёсць магчымасць пераканаць рэжым прэзідэнта Башара Асада скончыць вайну і вярнуцца за стол перамоваў.

На думку Джонсана і Эйро, праз аблогу горада, з якога не могуць выбрацца амаль 300 тысяч чалавек, аднавіць мірныя перамовы ў Сірыі немагчыма.

У супольнай заяве двух міністраў аблога Алепа, а таксама авіяўдары па горадзе названыя разбуральнымі.

Міністры таксама заявілі, што авіяўдары, якія ў тым ліку трапляюць па мірнаму насельніцтву і медыцынскім установам, вядуць да новай хвалі ўцекачоў.

Міністры заклікаюць да аднаўлення пагаднення аб спыненні агню паміж варожымі бакамі і стварэння пераходнага ўрада ў Сірыі.

Раней міністр абароны Расеі Сяргей Шайгу заявіў, што Расея супольна з урадам Сірыі пачынае маштабную гуманітарную праграму ў Алепа.

У рамках праграмы будзе створаны гуманітарны калідор, праз які горад змогуць пакінуць мірныя жыхары. Таксама будзе створаны асобны калідор, праз які з горада змогуць сысці паўстанцы і баевікі, якія захочуць скласці зброю. Баевікам, якія здаліся, улады паабяцалі амністыю.

На мінулым тыдні ў Алепа пад авіяўдар патрапілі чатыры палявыя шпіталі і станцыя пералівання крыві. У выніку загінулі пацыенты шпіталю, дзеці і лекары.

Алепа раней быў дзелавым цэнтрам Сірыі. Аднак у апошнія гады горад падзелены на дзве часткі: адну з іх кантралююць урадавыя войскі, а другую - апазіцыя. Пры гэтым у горадзе ў цяжкіх умовах застаюцца дзясяткі тысяч чалавек.

Апошнія навіны