BE RU EN

Літва ўручыла ноту амбасадару Беларусі

  • 28.07.2016, 17:05

Урад Літвы патрабуе правесці дбайнае расследаванне надзвычайнага здарэння на БелАЭС.

Урад Літвы ў чацвер уручыў беларускаму дыпламату ноту ў сувязі з інцыдэнтам на будаўніцтве Беларускай АЭС у Астраўцы і звярнуўся ў Брусэль з просьбай да Еўразвязу (ЕЗ) аб садзейнічанні, паведамляе ru.delfi.lt.

У МЗС Літвы была выкліканая часовы павераны Беларусі ў справах Літвы Людміла Татарыновіч.

«Беларускай дыпламатцы была ўручаная нота з просьбай як мага хутчэй правесці дбайнае расследаванне гэтага інцыдэнту і азнаёміць з вынікамі расследавання Літву і іншыя суседнія дзяржавы, а таксама Міжнароднае агенцтва ў атамнай энэргіі (МАГАТЭ)», - паведаміла МЗС Літвы.

Гэтыя дзеянні былі зробленыя праз два дні пасля таго, як Міністэрства энэргетыкі Рэспублікі Беларусь прызнала, што ў гэтым месяцы пры перамяшчэнні корпуса рэактара пры будаўніцтве БелАЭС мела месца «няштатная сітуацыя».

Службовыя асобы Беларусі пакуль адмаўляюцца ад больш падрабязных каментароў паведамленняў у СМІ пра тое, што адбылося абрынанне агрэгата вагой, большай за 300 тон, з вышыні некалькіх метраў.

Літва прапануе Беларусі сфармаваць міжнародную каманду экспэртаў, якая прааналізавала б вынікі расследавання і падала б свае рэкамендацыі.

Беларусь таксама заклікаюць запрасіць незалежных міжнародных экспэртаў для ацэнкі прыдатнасці будаўнічай пляцоўкі для БелАЭС, будаўнічых работ і іх якасці.

Літоўскія міністры замежных спраў, энэргетыкі і ў пытаннях навакольнага асяроддзя накіравалі ліст намесніку старшыні Еўракамісіі (ЕК) Марашу Шэфчавічу і камісару ЕК у энэргетыцы Мігелю Арыасу Каньетэ, у якім інфармуюць пра інцыдэнт і просяць ЕЗ актыўна паспрыяць у развязанні пытання аб ядзернай бяспецы, гаворыцца ў паведамленні міністэрства.

Гэта не першае паведамленне пра магчымыя інцыдэнты на атамнай станцыі ў Астраўцы. Мінэнэргетыкі Беларусі пацвердзіла яшчэ адзін інцыдэнт - што ў красавіку былі «пашкоджаныя падтрымліваючыя канструкцыі».

Менск кажа, што гэта быў «нязначны дэфект». Літва крытыкуе Беларусь за тое, што пры будаўніцтве БелАЭС не выконваюцца стандарты бяспекі.

Апошнія навіны