BE RU EN

Чыноўнікі прагнуць забудаваць Менскае мора

  • 28.07.2016, 15:36

Каля Ратамкі, недалёка ад Менскага мора, плануюць пабудаваць немалых памераў жылы комплекс.

Землі сельгаспрызначэння, забудоўваць якія строга забаронена, як і раней, знаходзяцца вакол Менска ў спакойным стане. Але сталіцу атачаюць і іншыя пустыя тэрыторыі, на якія так і просяцца каменныя пабудовы. На адной з пляцовак неўзабаве з'явяцца шматпавярховікі, таўнхаўсы і катэджы. Каля Ратамкі, недалёка ад Менскага мора, плануюць пабудаваць немалых памераў жылы комплекс, піша onliner.by.

Інфармацыя аб правядзенні грамадскага абмеркавання праекта «Будаўніцтва жылога комплексу з аб'ектамі інфраструктуры па адрасе: Менскі р-н, Ждановіцкі с/с, раён агр. Ратамка» апублікаваная на сайце Менскага раённага выканаўчага камітэта.

Зямельны надзел плошчай 11,48 га размешчаны каля аграгарадка Ратамка і абмежаваны праездам Крыжоўка - Ратамка, існай малапавярховай забудовай сядзібнага тыпу, лясным масівам і шматкватэрнымі жылымі дамамі.

Згодна з праектам, дзялянка забудаваная чатырма тыпамі жылля. На першай лініі ад праезду Крыжоўка - Ратамка з'явіцца шматкватэрная жылая забудова (ад 5 да 7 паверхаў), на другой лініі – жылыя дамы з адным пад’ездам (ад 4 да 5 паверхаў), на трэцяй - таўнхаўсы, на чацвёртай - катэджы. У дамах таксама размесцяцца аб'екты грамадскага прызначэння.

У комплексе пабудуюць дзіцячы садок на 230 месцаў.

Распрацоўваючы канцэпцыю, праекціроўшчыкі ўжылі новы падыход да арганізацыі двароў. Усярэдзіне не будзе парковак, вокны пакояў будуць максімальна накіраваныя на зялёныя зоны, а ў цэнтры раёна прадугледжаны сквер.

Акрамя таго, жылыя дамы зробяць энэргаэфектыўнымі, у будаўніцтве выкарыстоўваюць беларускія матэрыялы. Тое, як яны будуць выглядаць, стане вядома пазней. Аб забудоўшчыку і цане метра казаць рана, але, мяркуючы з усяго, жыллё тут будзе не бюджэтнае.

Грамадскае абмеркаванне пройдзе з 5 да 29 жніўня 2016 года. Паглядзець экспазіцыю праекта можна з 5 да 19 жніўня 2016 года ў будынку Ждановіцкага сельскага выканаўчага камітэта па адрасе: Менскі раён, аграгарадок Ждановічы, вуліца Паркавая, д. 4.

Апошнія навіны