BE RU EN

СМІ: Расея папрасіла Беларусь падзяліцца «фамільным срэбрам»

  • 28.07.2016, 8:25

Віцэ-прэм'ер Уладзімір Сямашка правёў перамовы ў Маскве.

У Маскве прайшлі чарговыя расейска-беларускія перамовы аб пытанні цаны газу і аплаты газавай запазычанасці. Дыялог ускладняецца тым, што Масква прапануе рэанімаваць раней заяўленыя прыватызацыйныя праекты.

Бакі не спяшаюцца дзяліцца інфармацыяй аб ходзе перамоваў. Пра тое, што яны ідуць, журналісты даведаліся са сваіх крыніц. Між іншым, перамовы анансавалі РІА «Новости», спасылаючыся на прадстаўніка ў Мінэнэрга Беларусі. Суразмоўца агенцтва не стаў распаўсюджвацца аб стане перамоўнага працэсу. «Перамовы працягваюцца. Бакі вядуць дыялог», - сказала крыніца. На чале беларускай дэлегацыі - віцэ-прэм'ер беларускага ўрада Уладзімір Сямашка, піша «Независимая газета».

Запазычанасць Беларусі за газ з РФ, паводле звестак расейскіх крыніц, з пачатку года дасягнула 270 млн даляраў. Усе паўгоддзе, цягам якога Менск штомесяц недаплачвае, ідуць перамовы. Беларусы лічаць, што цана павінна быць ніжэйшай, бо энэрганосьбіты таннеюць на сусветным рынку. Да таго ж і сама Расея зніжае цану для некаторых сваіх спажыўцоў. Напрыклад, для Арменіі. Пры гэтым не жадае пайсці на ўступкі Менску. Цана 1 тыс. куб. м газу для Беларусі складае 132,77 дал. У той час як у Менску ўважаюць справядлівай цану 73 дал. за 1 тыс. куб. м. Дарэчы, Смаленская вобласць плаціць за кубаметр газу 72 даляры. Галоўны аргумент Менска - Міжурадавае пагадненне, у якім запісана, што для Беларусі павінны прымяняцца роўнадаходныя цэны (экспартная цана мінус транспарціроўка).

Паводле звестак усё тых жа ўласных крыніц, Беларусь накшталт пагадзілася выплаціць запазычанасць за папярэдні перыяд, але намагае на тым, што кошт транспарціроўкі, які закладзены ў агульны кошт газу (цяпер 90 дал.), павінен знізіцца да 65,5 дал. за 1 тыс . куб. м. Кошт куба пры гэтым павінна скласці хоць бы 100 дал. Расея гатовая пра гэта гаварыць, але выстаўляе сустрэчную прапанову - аднавіць прыватызацыйныя праекты з удзелам МАЗа, «Гродна Азота» і іншых беларускіх прадпрыемстваў.

У расейска-беларускіх стасунках заўсёды шмат праблемных пытанняў, і іх развязанне звязанае адно з адным. Так, газавае пытанне Расея звязала з нафтавым, скараціўшы пастаўкі нафты беларускім нафтаперапрацоўчым заводам на 37%. На думку шматлікіх экспэртаў, менавіта гэта і апынулася самым магутным аргументам. Даходы Менска ад нафтаперапрацоўкі і так знізіліся па прычыне падзення сусветных коштаў, а скарачэння аб'ёмаў перапрацоўкі яшчэ больш катастрафічныя для Беларусі, якая перажывае сур'ёзны і, як лічаць экспэрты, зацяжны эканамічны крызіс. Экспэрты ацэньваюць страты Беларусі прыкладна ў 200 млн. даляраў за квартал, а гэта значна больш, чым сума, якую Менск эканоміць на цане газу.

Такое выбарчае стаўленне да спажыўцоў (Арменіі знізілі цану, а Беларусі не), ігнараванне інтэграцыйных аргументаў даюць падставы экспэртам шукаць у канфлікце палітычны падтэкст. Расея хоча крыху паўшчуваць найбліжэйшую хаўрусніцу за шмат занадта смелых і самастойных заяў і ўчынкаў. У першую чаргу ў вайсковай сферы. Ад экспэртаў не выслізнула і тое, што беларускае кіраўніцтва перастала называць NATO монстрам і палохаць ім мясцовае насельніцтва. Больш за тое, кіраўнік МЗС Уладзімір Макей, а ўслед за ім і яго намеснік Алена Купчына выказаліся ў тым ключы, што NATO не ўяўляе пагрозы для Беларусі. Праўда, той факт, што газанафтавыя канфлікты не выносяцца на ўзровень прэзідэнтаў, а варацца ва ўрадзе і на прадпрыемствах, на думку экспэртаў, кажа пра тое, што Масква не жадае завастраць да мяжы стасункі ледзь ці не з адзіным хаўруснікам.

Больш за тое, эканамічныя экспэрты прагназуюць, што Менску атрымаецца збіць цану на газ. «Для зніжэння коштаў у беларускага боку маюцца аргументы. Па-першае, цана для Беларусі ўключае вельмі высокія ў даляравым выразе тарыфы на дастаўку з Ямала ў Беларусь па тэрыторыі Расеі, па-другое, «Газпрам» неаднаразова зніжаў і зніжае цэны шматлікім сваім спажыўцам, уключаючы спажыўцоў краін ЕАЭС (Еўразійскі эканамічны саюз)», - адзначаюць экспэрты Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў. Хоць за папярэдні перыяд давядзецца ўсё ж разлічыцца, мяркуюць яны.

Прасоўванне можа быць і ў прыватызацыйных праектах. Эканамічныя праблемы прымушаюць улады задумвацца, не прадаць што-небудзь з фамільнага срэбра. У СМІ ўжо пратачылася інфармацыя аб тым, што кіраўніцтва галоўнага дзяржаўнага банка - Беларусбанка прапануе Лукашэнку прадаць частку акцый інвестару.

Апошнія навіны