У футбольны клуб «Дынама-Брэст» прыйшлі інвестары - шэйхі з Эміратаў
- 27.07.2016, 10:05
Інвестар заявіў, што аддае перавагу «купляць актыў на дне рынку і развіваць яго».
Партнёрам футбольнага клуба «Дынама-Брэст» стала кампанія SOHRA Overseas. Яе ўладальнік Поль Даэр распавёў прэс-службе клуба, што яго сям'я мае карані ў Ліване, але ўжо даўно жыве ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах і носіць тытул шэйхаў.
Са слоў Даэра, звярнуць увагу на берасцейскі клуб яму прапанаваў адзін з мінарытарных уладальнікаў «Манчэстар Сіці». Тое, што беларуская каманда знаходзіцца ў ніжняй частцы турнірнай табліцы, шэйха не засмучае: «13-е месца, не бянтэжыць. Лепш купляць актыў на дне рынку і развіваць яго».
У планах новага інвестара - пабудаваць дзіцячую Акадэмію футбола «Дынама-Брэст», дзе працавалі б трэнеры катэгорыі UEFA.
Ужо цяпер інвестары купілі для клуба спартыўны інвентар, набылі мікрааўтобус, які ездзіць па горадзе з лагатыпам клуба пачалася праца ў футбольнай Акадэміі. Самі футбалісты і трэнеры, са слоў Даэра, найбліжэйшым часам пачнуць займацца ангельскай мовай.