BE RU EN

Кабякоў прызнаў, што незадаволенасць рабочых расце

  • 26.07.2016, 21:14

Урад адзначае захаванне сацыяльнай напружанасці ў шэрагу працоўных калектываў, выкліканай няпоўнай занятасцю работнікаў.

Пра гэта заявіў 26 ліпеня на пасяджэнні прэзідыума Савета міністраў прэм'ер-міністр Андрэй Кабякоў, піша БелаПАН.

Як паведамляе прэс-служба ўрада, на пасяджэнні разглядаўся ход выканання ў 2016 годзе заданняў для стварэння новых працоўных месцаў і працаўладкавання на іх грамадзян.

Кабякоў адзначыў, што дзейнасць для працаўладкавання грамадзян на новыя працоўныя месцы найперш накіраваная на дасягненне пэўнага станоўчага выніку, спыненне негатыўных тэндэнцый на рынку працы і нармалізацыю становішча ў працоўных калектывах.

"Пакуль жаданы вынік не дасягнуты, нягледзячы на перавыкананне задання амаль удвая. Інфармацыя, якая паступае ва ўрад, сведчыць аб захаванні сацыяльнай напружанасці ў шэрагу працоўных калектываў, выкліканай няпоўнай занятасцю работнікаў, асабліва ў арганізацыях прамысловасці і будаўніцтве", - канстатаваў прэм'ер-міністр.

Калі бачнага эфекту ў развязанні праблемы занятасці няма, значыць, трэба знайсці прычыны гэтага, прадоўжыў Кабякоў. Паводле ягоных слоў, найбольш відавочныя хаваюцца ў якасных характарыстыках створаных працоўных месцаў. "Каб развзаць праблему занятасці, трэба ствараць высокаэфектыўныя і запатрабаваныя працоўныя месцы, якія сапраўды патрэбныя арганізацыям і не стануць для іх надалей своеасаблівым баластам", - упэўнены кіраўнік урада.

Апошнія навіны