У адкрыцці Сусветных дзён моладзі ў Кракаве возьме ўдзел больш як 1000 каталікоў з Беларусі
- 26.07.2016, 14:23
Цырымонія адкрыцця Сусветных дзён моладзі адбудзецца сёння а 18.30 беларускага часу на Кракаўскім лугах.
Больш як тысяча беларускіх каталікоў прыбыла ў Кракаў для ўдзелу ў цырымоніі адкрыцця Сусветных дзён моладзі (СДМ), паведаміў БелаПАН каардынатар пілігрымкі ксёндз Антоні Грэмза. Ён прыбыў у Польшчу з групай вернікаў (блізу 400 чалавек) з Гарадзенскай дыяцэзіі.
Адкрыццё дзён адбудзецца сёння а 18.30 беларускага часу на Кракаўскіх лугах - тэрыторыі плошчай 48 гектараў каля Нацыянальнага музея, дзе раней праходзілі сустрэчы пілігрымаў з усяго свету з папам Янам Паўлам II.
Мяркуецца, што ўдзел ва ўрачыстай імшы пад старшынствам арцыбіскупа Станіслава Дзівіша возьмуць 500 тысяч каталікоў з усяго свету.
27 ліпеня ў Кракаў прыляціць з Рыма Папа Францішак. Ён сустрэнецца з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам, іншымі прадстаўнікамі польскай улады і духавенства, наведае Асвенцім, Чанстахову, асабліва шанаваныя каталікамі месцы.
Сусветным днях моладзі папярэднічалі «Дні ў дыяцэзіях» - з 22 ліпеня маладыя каталікі з розных краін гасцявалі ў польскіх сем'ях ў розных дыяцэзіях краіны. Так, беларусаў прымалі сем'і ў парафіях у Ломжы, Седльцы, Міхаловіцах, Бяла-Падлясцы.
«Нас вельмі ветліва прымалі палякі, усе пілігрымы засталіся задаволеныя. Цяпер мы ў Кракаве, чакаем адкрыцця СДМ», - падкрэсліў Антоні Грэмза.
Першапачаткова паведамлялася, што ўдзел у СДМ возьмуць пяць тысяч беларусаў, але гэтая лічба значна паменшылася на дзень адкрыцця міжнароднага мерапрыемства. «Хтосьці не змог паехаць з розных прычын, некаторыя не мелі фінансавай магчымасці, некаторыя збаяліся», - адзначыў святар.
Агулам у Кракаве чакаюць блізу мільёна пілігрымаў. У сувязі з гэтым праваахоўныя структуры заяўляюць аб беспрэцэдэнтных захадах бяспекі, якія робяцца рознымі службамі, каб сустрэча ў Кракаве прайшла без інцыдэнтаў.